Неруш. Віктар Казько
Читать онлайн книгу.адсюль, – паперла яго Махахеіха, як спахапілася, – тут ужо наша, жаночая справа пачалася.
Змяркалася. Усё абышлося. Усё было добра. З хаты Ненене выйшла з Мілкай, цяпер жа іх стала чацвёра, дабавіліся Ягадка і Партызан. Ягадкай яна назвала цялічку, а бычку далі мянушку дзеці. I ўсё ж, калі, здавалася, можна было ўжо і адпачыць, уздыхнуць вальней, таму што ніякіх падстаў для трывогі не было, дзеці асвятлілі цяпельцамі ноч за могілкамі, бацькі іх ужо ўкладваліся, Ненене стала зноў ніякавата, і не ноч і не няўтульнасць былі таму прычынай. Надыходзіла нешта іншае, чаму яна не ведала і назвы, што не здольная была зразумець, вытлумачыць ні галавой, ні сэрцам. Яна вымушана была спаць на святой зямлі, што само па сабе было страшэнным непарадкам, заўчаснасцю, разбуралася нешта векапомнае, устаялае. I зараз яе палохала ўжо не ноч, а дзень, які прыйдзе на змену. Палохала і напружвала невядомасць, што гэты дзень прынясе ёй, у які гэта бок павернецца яе жытка, ці на шчасце ацялілася бычком і цялічкай Мілка. I недзе варухнулася ў ёй цьмянае ўсведамленне, што ўсё гэта ўжо было, было з людзьмі. Толькі калі…
Зялёна зжата, сыра з'едзена
З таго часу, як Мацвей Роўда апошні раз бачыў Шахрая, прайшло больш як тры гады. Мацвей адмаўляўся і верыць гэтаму. Дні ж так сцягваліся, так марудна ішлі яны, як усё роўна бясконцыя, а скласці іх у гады – нічога і не застаецца. Ні памяці, ні задавальнення, нават рэха ў душы не пакідаў гэты скончаны дзень, ніякай нітачкі, якая б звязвала дні, час у нешта адзінае, перакідвала б масток у дзень будучы. Адчувальнай была толькі хвіліна. I суткі, тыдні, месяцы драбніліся на гэтыя неспакойныя, запарныя хвіліны-імгненні. Так павялося з ад'ездам Шахрая, нібыта ён і тут прыклаў руку, украў нешта ў часе і звёз з сабой, пазбавіў яго счапленняў, выпусціў сокі, выцягнуў начынне, пакінуў дням толькі абалонне іх: святло, рух сонца па небе, заходы і світанні. I ўзыходзіла сонца, чырвона каналі дні, палыннай горыччу асядалі на патрэсканых ад беганіны і мітусні губах. I гэты пыл марна патрачанага часу не змываўся, запасіўся ў ім, раз'ядаючы цела. I Мацвей, як закаркаваны, зняможана мільгацеў у гэтых днях, высільваўся адкаркавацца, хоць галавой ды выбіць гэтае гарачае заткала над сабой, распраміцца, азірнуцца, ухапіць і стачыць парваныя ніці часу, падпарадкаваць час сабе. Усё было марна, дні, як і раней, заставаліся нетрывалымі, а калі шчасціла, выпадала стачыць іх, імгненна ўсё рвалася зноў, і не проста рвалася, а з выбухам і аскабалкамі, раніла ж яго, секла хвілінамі і секундамі вочы, сцябала цела. Мацвей не паспяваў латаць час, нічога не паспяваў.
Ён наракаў на Шахрая, хоць той і даўно ўжо быў далёка, але ж менавіта Шахрай уцягнуў яго ў гэтую калаверць, навесіў на шыю яму гэтую новую пасаду. Праўда, тады ён, Мацвей, быў маладзей, здаецца, на добрую чвэрць веку, зусім хлапчуком быў, і прапанову і рэкамендацыю Шахрая ўспрыняў як нейкую асабістую адзнаку. Хто ж тады мог меркаваць, што так яно ўсё скруціцца. Ён, як камень у ваду, не боўтнуў нават, скочыў у новую сваю работу, заступіў на новую пасаду. А Шахрай таксама атрымаў новае назначэнне, узляцеў адразу высока і крута і з'ехаў у Мінск. I больш яны не бачыліся.