Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская
Читать онлайн книгу.– двойчы правяла вастрыём па сваіх грудзях. Там, дзе сэрца.
– Я таксама буду помніць цябе.
Ён з невымоўным жалем абняў каханую. Іх раны прыціснуліся адна да адной.
– У нас цяпер адна кроў,– шаптала яна. – Помні гэта, калі раптам будзеш забіваць кагосьці з майго народу.
Ён схаваў твар у яе цёмных валасах.
– Абяцай, калі народзіцца сын, прышлеш яго да мяне. Я зраблю яго князем.
– Не, любы. Ён будзе служыць свайму народу. У тым званні, у якім будзе народжаны. Не крыўдуй.
За дзвярыма пачуліся хуткія крокі і лёгкі стук у дзверы – тры разы. Гэта было папярэджанне аб небяспецы. Дзяўчына дапамагла хлопцу зашнураваць камзол, надзець перавязь мяча. Падала плашч. Перад адчыненым акном яны абняліся апошні раз.
Перш чым сысці ў травеньскую бэзавую ноч, ён паклаў на падаконне просты жалезны пярсцёнак з выгравіраваным роўнаканцовым крыжам.
– Гэта не заручальны пярсцёнак… – горка сказаў хлопец. – Але, можа быць, яго калі-небудзь будзе насіць мой нашчадак.
Што ён мог яшчэ? Сыпануць на развітанне грошай, каб спыніць непатрэбныя размовы, яшчэ раз злоўжыць той павагай, ледзь не пакланеннем, якія выклікаў ён, дакладней, ягонае званне, у гэтым мястэчку. Яшчэ раз не зважыць на тую нянавісць, якую сустракаў ён і ягонае званне ў гэтым жа мястэчку.
Старэйшы сын падкаморага Юрася Дарбута нарадзіўся праз сем месяцаў пасля ягонага вяселля з прыўкраснай паненкай Агнай Чагноўскай.
Вядома, людзі пляткарылі. Але пані Агна была ціхмянай, набожнай і такой гожай, што мала хто даваў веры плёткам.
Тым больш, праз год па нараджэнні сына Канстанціна пані Агна памерла. Лекары сказалі, ад сардэчнай хваробы.
Праз трыццаць гадоў пасля гэтага, у спякотны травеньскі дзень, на самым парозе лета, апошні візантыйскі імператар загінуў на сценах сваёй сталіцы. Яна адна і заставалася ад былой магутнай імперыі. Але апошні з Палеалогаў быў варты сваіх продкаў. Ён не абавязаны быў біцца, як просты рыцар, наперадзе войска. Але ён заўсёды хацеў сам вырашаць свой лёс.
Яго забіў светлавалосы, блакітнавокі янычар.
Ворагі не былі ўпэўненыя, што гэты рыцар той, чыёй смерці яны чакалі доўгія гады. Да таго ж трэба было пераканацца, ці гэта чалавек, а не іфрыт, які з нечалавечай сілай і мужнасцю біўся супраць іх.
Калі з мёртвага цела сцягнулі латы, забойца з нянавісцю закрычаў:
– О Аллах! Гэтаму нявернаму сабаку мала было насіць знак свайго паганага бога на ланцугу! Ён яшчэ выразаў яго на грудзях!
Светлавалосы янычар схапіў дзіду і з сілай усадзіў у грудзі забітага, у самую сярэдзіну крыжа, выразанага над сэрцам.
Кальварыйскія вароны
На мінскіх Кальварыйскіх могілках заўсёды царавалі вароны. І тады, калі пасаджаныя тут дрэўцы былі зусім маладзенькімі. І тады, калі дрэвы падраслі, зашумелі густой лістотай – надзейным сховішчам ад людскіх вачэй.
Магчыма, гэта былі не толькі вароны, а і гракі. Але Антось не надта ўмеў іх адрозніваць. Лётаюць, гарлаюць, на фоне неба – аднолькава чорныя.
Вось