Дзень Святого Патрыка. Ганна Севярынец
Читать онлайн книгу.І гэта быў такі вір пачуццяў, успамінаў, думак, крыўд і, не будзем хлусіць, спадзяванняў, што не было ніякіх магчымасцяў пра яго думаць. Таму Марына думала пра Максіма.
Вось ягоны пакойчык у наўгародскім доме. Маленькі, няўтульны, халодны. На стале – такі страшэнны вэрхал! Але ж гэта толькі на недасведчаны погляд. Тут можна адшукаць усё, што патрэбна звычайнаму гімназісту дзеля шчасця: Верлена на французскай, Гейнэ на нямецкай, Шаўчэнку па-украінску, учорашні пераклад Пушкіна, сённяшні пераклад Пушкіна, Бракгаўза і Эўфрона і хіба што не ўсе экзэмпляры Александрыйскай бібліятэкі. А колькі тут гэтай «беларусікі», з якой так кпяць браты і якая так не падабаецца бацьку! Бо замінае ж хлопцу вучыцца! Ну каму спадабаецца кожны месяц хадзіць да дырэктара: ваш сын перашкаджае вучыцца іншым, ваш сын смяецца, калі адказвае, ваш сын смяецца, калі адказваюць іншыя, што з яго будзе, куды вы глядзіце…
Мамкі ў хлопца няма. Мачыха не сочыць. Бацька – тым больш. Нейкі самасшыты строй, заўсёды расхрыстаны, пацёўганы, незашпілены. Адзін, адзін, адзін. Сяброў не прывядзеш – не дазваляюць. Не, часам весела – калі прачытаеш што-небудзь гэткае ці сам напішаш.
Якое шчасце, што побач Какуевы – вялікі ўтульны панскі дом, хлопцы, дзяўчаты, прыгожая хударлявая Аня, спевы, гарадкі ды «каша» на вуліцы. Ён жа не пустэльнік, гэты чарнявы гімназіст, звычайнае дзіця, якое адначасова спасцігае радасць апошняй дзіцячай гульні і першае напаўдзіцячае, горкае…
Толькі чаму ж гэта ў ночы глыбокія,
Даўшы спачынак стамлёным вачам,
Я шапачу цераз сны адзінокія:
«Аня… мая… нікаму не аддам».
І яшчэ – той жа пакойчык, але ў ім госці. Акуратны, далікатны, але ж прыкметна раззлаваны хлопец і Максім. Тут, людцы мае, ледзь ужо не бойка: Максім грукае кулакамі па стале, падвышае голас. «Так? Так?» – запытваецца ў суразмоўцы пасля кожнай сваёй тэзы. «Не так!» – сурова адказвае той. «Як не так?» – узвіваецца Максім і пачынае зноў: доказы, доказы, доказы, ён прыхінае кулакі да грудзей, нібыта выціскаючы з сябе тыя самыя, патрэбныя словы…
І іншыя пакоі – той, нашаніўскі, дзе яны з Палуянам уладкоўваюцца на старых падшыўках спаць, але ж размаўляюць, і размаўляюць, і размаўляюць да світанка, і той, бядулінскі, дзе ўжо васкова белатвары Максім стрымлівае кашаль і імкнецца сядзець прама, не горбячыся, бо навошта ж дэманстраваць кожнаму сваю хваробу. І той, апошні пакой у белым доме ля сіняй бухты, як і тады, халодны і непрыбраны, як заўсёды, адзінокі, адзінокі…
І акерманскія стэпы там, паміж ім і зямлёй, на якой хацелася б памерці, сухі акіян ссівелай ад сонца травы, воз гіне, нібы чайка на вадзе, у хвалях шумных траў між кветкамі брыдзе, мінуючы кусты калючага бур’яну. Змяркаецца. Ня знаць ні шляху, ні кургану. Глядзіць на небасхіл, мо, зорка блісне дзе. Вось хмарка там – на ёй свет водбліскі кладзе: то за Днястром маяк мігціць ля Акерману. Спыніліся. Плыве крык жораваў у цішы, а іх і сокала не ўгледзець быстры зрок. Чутно, калі матыль сцяблінкі траў калыша, як склізкі вуж паўзе і крыецца ў змрок. Такі спакой, што каб паклікаў хто ў Літве – пачуў бы ён… Дарма! Ніхто не пазаве.