Дзень Святого Патрыка. Ганна Севярынец
Читать онлайн книгу.з ёй, дык было б цікавей усё-ткі ехаць у смярдзючым таварным вагоне, пасярэдзіне якога была прарэзана дзірка, але ж не ўсе ў тую дзірку маглі патрапіць – вагон падскокне на стрэлцы, дык абавязкова прамахнешся. Была тая дзірка, а болей ніякіх табе буржуйскіх зручнасцяў, і так ад самага Давыд-Гарадка да таго высачэзнага лесу, у якім вылі ваўкі і стагналі сосны, усе чатыры тыдні па змучаных рэйках чыгункі, якая ў трыццаць дзявятым на гэтым напрамку працавала на знос.
Іх давезлі да нейкага выпадковага кіламетра, пазначанага ў паперах, выгрузілі з вагонаў – і пусты таварняк, некалькі разоў скалануўшыся на стылых рэйках, з пустым металічным лязгам пацягнуўся назад да станцыі прыпіскі, акуратна пазначанай на кожным вагоне белай фарбай. Я не ведаю, што адчувалі машыністы тых цягнікоў. Напэўна, нешта адчувалі. Холад, напрыклад, адчай ці стому. Ці радасць – дадому, да сваіх. Кожны з машыністаў, напэўна, ведаў гісторыю мінскай вуліцы Розы Люксембург, славутай вуліцы савецкіх чыгуначнікаў, уганараваных уласным жыллём, з якой аднойчы ў трыццатым акуратна, у шахматным парадку, з кожнага другога дома пазабіралі ўсіх мужчын і павезлі невядома куды, а ўсё за тое, што адзін з іх адмовіўся везці раскулачаных. З той ночы раскулачаных вазілі ўсе, і туды, куды было пазначана ў паперах – не на станцыю, а проста на нейкі, часта выпадковы, сібірскі кіламетр. Прывозілі – і назад, адчуваючы і холад, і адчай, і стому, і, канешне, радасць.
У сорак другім майго дзеда таксама павезлі – у адваротны ад бабулі бок, на захад. Баўэры, у якіх дзед працаваў, былі людзі адносна неблагія, калі не ўлічваць таго факта, што ў двух кіламетрах ад іхняй утульнай сядзібкі быў лагер з крэматорыем, і з высокай трубы таго крэматорыя раз у тыдзень валіў чорны калматы дым, які было бачна з кожнага акенца пернікавага баўэрскага доміка, а яны, калі што і адчувалі ў гэты момант, дык толькі, напэўна, радасць ад таго, што іхняя печка, распаленая маўклівым хлопцам з усходу, дыміць усё ж такі белым.
Нічога гэтага я не ведаю ў тыя лунінецкія тыдні, калі мы кожны вечар адмываем чорныя ад палескага торфу ногі і кладземся спаць у накрухмаленыя ложкі. Мыць ногі цяжка, а ляжаць у ложку – добра: заплюшчваеш вочы, адганяеш ад сябе маркотны летні дзень – і ў чысцюткае, да скрыпу адмытае летнім дажджом паветра плывуць гукі нястомнай чыгункі: «По двенадцатому пути протягивается грузовой…»
У таго, хто ўмела марыць, мары здзяйсняюцца, і зараз я жыву побач з чыгункай. Кожны, хто ляціць у хуткім цягніку з Мінска ў Маскву, кожны, хто цягнецца пасажырскім з Баранавіч у Віцебск, абавязкова праязджае пад маімі вокнамі. Калі я развешваю на балконе белыя прасціны ці чырвоныя сукенкі, кожны з цікаўных падарожнікаў можа пабачыць асартымент маіх адзежных шафаў. Калі тата едзе з Віцебска ў Мінск хуткім, ён абавязкова тэлефануе мне акурат ля майго дома і жартуе ў слухаўку чэхаўскім: «Проезжая мимо станции, у меня слетела шляпа». Пакуль мы абодва смяёмся, ягоны цягнік набліжаецца ўжо да Калодзішчаў.
Я стаю на сваім балконе і гляджу