Дзень Святого Патрыка. Ганна Севярынец
Читать онлайн книгу.мова памрэ, бо амбіцыйныя планы Кійске і ягоных паслядоўнікаў распаўсюджваліся на ўсе мовы, акрамя ангельскай. Няхай праз тры тысячы год, няхай праз пяць, але ж эвалюцыю не спыніць, новыя мовы не нараджаюцца, толькі старыя паміраюць, чалавецтву патрэбна адна мова, бо надта дорага абыходзіцца вавілонская вежа сучасных камунікацый. Ды наогул, ці будзе тады яшчэ стаяць будыніна Лінгвістычнай Калегіі, і дзе будзе беларуская зала, і куды змесціцца руская літаратура, і няўжо ж будуць такія часы на свеце, калі людзям будуць нецікавыя «Аповесці Белкіна»?
Але якая справа Дамейцы да іншых моў? Сёння яна пачынала працаваць на стэлажах, і хаця Марына не любіла пафасу і сімволікі, але першай сёння прынесла з дому менавіта гэтую кніжку.
Чырвоны томік «Кнігазбору», які калісьці яна вазіла з сабою ўсюды: «Філаматы і філарэты», укладанне, прадмовы, пераклады і каментары Кастуся Цвіркі. Міцкевіч, Зан, Чачот, зялёныя туганавіцкія палі, халоднае паветра Свіцязі, грукат віленскай брукаванкі, гулкае рэха ўніверсітэцкіх калідораў і выведзеныя каліграфічным почыркам сарамлівыя лісты Марылькі Верашчакі…
Адаме, як жа я цябе разумею. Свет сваёй зямлі, які трэба выказаць чужою мовай. Пакуты суаднесенасці. Немагчымасць перакладу. Ідэальны свет страчанай назаўсёды Радзімы і рэальны свет чужой пераможнай мовы. Рамантызм як ён ёсць, у падручнік не глядзі.
Сама Дамейка ніколі не лічыла Міцкевіча польскім паэтам, як ніколі не лічыла сябе рускай, Свіфта ці Джойса – ангельцамі, а Лукаша Бэндэ – беларусам. Так, гэта было складана патлумачыць у навуковых катэгорыях і наогул выкарыстоўваць у якасці аргумента, але сама сабе яна нічога і не даказвала, а сёння не павінна была даказваць наогул нічога і нікому.
Ну а як ты дакажаш, што адзін з самых беларускіх на свеце вершаў быў напісаны на польскай мове пра крымскія стэпы?
Уз’язджаю на прастор сухога акіяну.
Воз гіне ў зелені, як чайка на вадзе,
У хвалях шумных траў, між кветкамі брыдзе,
Мінуючы кусты калючага бур’яну.
Змяркаецца. Ня знаць ні шляху, ні кургану.
Гляджу на небасхіл, мо, зорка блісне дзе.
Вось хмарка там – на ёй свет водбліскі кладзе:
То за Днястром маяк мігціць ля Акерману.
Спыніліся. Плыве крык жораваў у цішы,
А іх і сокала не ўгледзець быстры зрок.
Чутно, калі матыль сцяблінкі траў калыша,
Як склізкі вуж паўзе і крыецца ў змрок.
Такі спакой, што каб паклікаў хто ў Літве —
Пачуў бы я… Дарма! Ніхто не пазаве.
Дамейка заўжды хвалявалася прадчуваннем літаратуразнаўчага адкрыцця побач з гэтым вершам, перакладзеным дваццацідвухгадовым Уладзімірам Жылкам: сам Жылка на той момант быў яшчэ толькі пачаткоўцам, ва ўласных вершах яшчэ толькі намацваў сваю сцежку, не вельмі ўдала рыфмаваў і не трымаў рытму, але як бліскуча, як дакладна пераклаў Міцкевіча! Ніводны рускі пераклад славутага крымскага санету не мог параўнацца з Жылкавым! Недзе тут,