Дзень Святого Патрыка. Ганна Севярынец
Читать онлайн книгу.і выцяўся: высокі, круглатвары, няспынны на жарты, шчодры на прыдумкі, хуткі на эмоцыі («Тамаш – баба!» – часам дражніліся бязлітасныя сябры). У такіх у школе два шляхі – ці ў зацятыя «батаны», ці ў векавечныя хуліганы. Зань выбраў абодва і быў надзеяй для настаўнікаў і правадыром для вучняў. Мо, хто і стамляўся ад паўсядзённых ягоных задумаў, гісторый, пражэктаў і спраў, але пра тое даўно забылася і нам невядома. Гэтая троіца – Зань і два Верашчакі, Міхась і Юзік – каламуцілі ўсю Менскую гімназію, і яшчэ Вязынь, і яшчэ Тугановічы, і наогул любую прастору, дзе раптам спыняліся. Маленькая Марылька таксама насілася за імі бялюткім празрыстым хвосцікам, а потым раптам вырасла ў паненку, і Зань нават нейкі час саромеўся дуркаваць пры ёй.
А потым узяў ды прывёз у Тугановічы свайго сардэчнага віленскага сябра Міцкевіча. О дык задума! Не на жарты. Ці быў бы Міцкевіч без Марылі Верашчакі?
Канешне ж, быў бы, толькі тссс! Не кажыце пра гэтае аматарам глянцавых гісторый кахання. Ім часта падаецца, што тая ці іншая дзяўчына стала іскрай, з якой разгарэлася вялікая паэзія, а насамрэч дзяўчаты – толькі сухое трысцё, якое шчодра кідаюць у вогнішча свайго генію вялікія паэты. Мо, тое добра ўсведамляла туганавіцкая разумніца ды прыгажуня, таму і адмовілася быць Міцкевічанкаю, а стала Марыляю Путкамер? Ці бывае на свеце больш няўдалае прозвішча для адзінай каханай найвялікшага з паэтаў?
Марылю Верашчаку Дамейка часам пачувала стрыечнай сястрою, так блізка і так зразумела было ёй усё ў Марыльцы: і вернасць нарачонаму Ваўжынцу Путкамеру, і неўміручае каханне да няшчаснага Адама, і тыя таемныя два месяцы, якія Міцкевіч правёў побач з ёю ў сядзібе Путкамераў. Добры, мілы Ваўжынец, ён усё разумеў і да ўсяго ставіўся з павагай – такія мужчыны і павінны быць побач з паэтавымі каханкамі. Добрая, мілая Марыля, ці лёгка ёй было адпавядаць той ролі, якую яна павінна была іграць у Вечнасці? Ах, жартаўнік Зань, ці не далёка зайшлі твае жарты?
Вільня, любыя філаматы, верныя філарэты, найпрамяністыя сябры і паплечнікі, бацькоўскія паўстанцкія запаветы, якія здзяйсняліся не зброяй, а словам, разгром, турма, высылка. «Мы не стваралі часу, час ствараў нас». Тамаш – не баба, ён бярэ ўсю віну на сябе і ратуе верных сяброў. Апошні вечар у камерах перад этапам. Зань падпявае Чачоту родную песню роднымі словамі:
Да лятуць, лятуць да дзікія гусі
Да нас павязуць да далёкай Русі…
Ён не спыняецца і ў Арэнбургу, гэты неўтаймаваны Зань: яго бачылі і на нелегальных рэвалюцыйных паседжаннях арэнбургскіх расейскіх змоўшчыкаў, і на навуковых дыскусіях, і ў геалагічных выведках. Энтузіязм і адукаванасць таленавітага высланага не застаюцца па-за ўвагай: Зань узначальвае навуковую геалагічную экспедыцыю ў Тургайскі стэп. Пад Самараю знойдзена нафта, за Уралам – золата, ля Траецкага – медная руда, і усё гэта найпрамяністы Зань, высланы філамат. Арэнбургскі геалагічны музей, існы і па сёння, – чыя задума, чыя справа? А во здагадайцеся.
А калі вярнуўся,