Вяртанне Ліліт. Юлія Шарова
Читать онлайн книгу.Радыкс: Ліліт у 1 доме на асцэндэнце, Сатурн у 7 доме на дэсцэндэнце, Нептун у 12 доме
Мужчыны рэдка бываюць святымі, а вось дэманаў сярод іх процьма – гэта Ліліт ведала ад моманту стварэння Сусвету. У Д’ябла ёсць нямала служак, а праз тое, што ніякага кодэксу гонару ён не мае, то і служкі ягоныя перыядычна ачмурваюць гаспадара. Рана ці позна Д’ябал пра гэта даведваецца і тады карае здрадніка – праганяе яго на зямлю, да людзей.
Трапляючы ў высланне, дэманы апаноўваюць хлопчыкаў і мужчын ды існуюць у іхных целах, пакуль жыве носьбіт. Па смерці носьбіта дэман вяртаецца ў Апраметную, прыхапіўшы з сабой душу мужчыны.
Адрозна ад Ліліт, якая займала целы, пакінутыя неўміручымі душамі, і захоўвала свае звышздольнасці, дэманы ў целе свайго носьбіта былі не здольныя ні на якія дзівосы. Адзінае, чым яны могуць надзяляць носьбітаў, – бязмежная любоў да сябе і перакананасць, што ўвесь свет павінны круціцца вакол іх. Нечуванае нахабства мацнейшае за чары.
Носьбіт не ведае, што ім кіруе дэман. Часам душа носьбіта выяўляецца занадта моцнай, і тады дэман змушаны пакінуць гэтае цела. Такі сцэнар для дэманаў непрымальны, бо па вяртанні ў пекла яны назаўсёды робяцца чэляддзю Апраметнай.
На зямлі звычайныя дэманы не маглі яе адчуваць, але яна не сумнявалася, што Мамон яе знойдзе, як і паабяцаў вуснамі носьбіта. Так і атрымалася.
Стась аб’явіўся недзе праз тыдзень. Калі дзяўчына была ў «Кароне», то ёсць імавернасць, што яна там з’явіцца яшчэ. Калі ты маеш грошы, ты заўсёды пасябруеш з аховай, якая паводле запісаў з камераў адсочыць пакупніцу з такім кідкім выглядам і спавясціць пра гэта замоўцу. Калі твой офіс за пару крокаў ад «Кароны», ты падскочыш туды.
Ён быў перакананы, што грошы вырашаюць усё. У яго так найчасцей і адбывалася. І яшчэ ён адразу запаўняў сабой усю прастору. Як і тады, колькі тысяч гадоў таму, Мілана адчувала нябачную руку ў сябе на горле, калі бачыла Стася.
Ён штодня дасылаў сваёй спадабанцы ружы з абцятымі шыпамі. Дакранаючыся да іх, Мілана адчувала боль, быццам ейныя пальцы наскрозь працінала голкамі.
Праз Мамона яна і парвала з Апраметнай, бо там была ўмова: знайсці сабе ўладара і скарыцца яму. Бо не можа жанчына існаваць без мужчыны, а мужчына не можа стаяць ніжэй за яе. Усё як у Бога.
Мамон і дапамог выкрасці яе дзеля падпісання тае ўгоды.
Мілана ўцякала са спатканняў адразу пасля любошчаў, якія падаваліся горшымі за катаванні. Мамон-Стась умеў абслініць словам і абсмактаць позіркам. Шторазу яна ішла да яго, як на ламанне колам.
Калі ад яго не пазбавіцца, ён сам не адчэпіцца.
Стась быў апантаны досыць дарослым, і ягоная душа не сталася кволай, іначай да яго не прычапіўся б такі магутны дэман, якім быў Мамон. Мілана магла праглядаць і носьбіта, таму яна бачыла нейкую дзяўчыну, крыху, можа быць, падобную да яе рысамі твару. Потым бачыла вусцішную аўтакатастрофу, пасля якой хлопца збіралі па кавалках у лякарні. І вось тут яго і падлавіў ліхі дух.
Напачатку ён схіліў носьбіта да думкі, што дзяўчына не прыме яго