Вяртанне Ліліт. Юлія Шарова

Читать онлайн книгу.

Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова


Скачать книгу
Утаймаваць гармідар намагаюцца некалькі дарослых – выхавацелька, нянечка, а таксама ўсе, хто цяпер вольны, каб пагрымець бразготкамі, памыць новую партыю брудных гаршчкоў і распрануць малых на сон.

      Псіхолаг аўтаматам трапляе ў гэтую каманду хуткага рэагавання. Вераніка лётае то з гаршчком, то з рондалем супу, то з абсіканымі майткамі, не ведаючы, ля якой з шафаў іх пакінуць. І шапоча: «Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».

      Пераразмеркавалі яе ў адзін з мінскіх садочкаў, і вось ужо амаль два месяцы, як Вераніка штораніцы выходзіць з дому і просіць справядлівы сусвет паслаць ёй застуду з тэмпературай хоць бы 37,2, каб толькі на тыдзень адпачыць ад пекла.

      «Ненавіджу», – шапоча яна, сядаючы ў тралейбус, які вязе яе ад «Інстытута культуры» да чорта на рогі ў Курасоўшчыну.

      Курасоўшчына апаноўвае адразу, яшчэ да прыходу ў садочак. Тут суцэльнае адчуванне вёскі: дзядзька выгульвае сабаку і не адклікае яго, калі той кідаецца з абдымкамі і пацалункамі да выпадковых мінакоў. Вераніка ненавідзіць сабак.

      Купкі цалкам сабе вясковых кабетаў з прыродным беларускім вымаўленнем сакавітай трасянкаю абмяркоўваюць цэны ў «Еўраопце». На рынку, што побач з лякарняй, тыя самыя цёткі набываюць сабе сукенкі «на выхад».

      Ейныя новыя калегі абмяркоўваюць моду з рынку. Тут ужо ў трыццаць гадоў прынята лічыць, колькі табе засталося да пенсіі, бо ў гэтым веку ўсе мэты дасягнутыя і няма пра што марыць: ёсць і муж, і дзеці, і грады ў вёсцы, і пяць кіляў сала на таліі, якія вывальваюцца з джынсаў.

      Джынсы, вядома ж, набытыя на тым самым рынку.

      Калі Вераніка ідзе вуліцай на прыпынак, ёй падаецца, што ўсе азіраюцца – нетутэйшая. Яна вучыцца імкліва прамінаць тыя паўкіламетра. Палову дарогі да «Інстытута культуры» яна наструненая, рыхтык каралеўна, што ўцякае з зачараванага лесу, і толькі калі тралейбус спыняецца на Караткевіча, Вераніка выдыхае: зноў у горадзе.

      Яна ўжо мае мужа, і калегі ледзь не з першага дня даймаюць пытаннямі пра дэкрэт.

      «Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».

      Рома і Наста не ўмеюць размаўляць. Рома б’ецца галавой аб сценку, а Наста кідае цацкі.

      – Вы псіхолаг, зрабіце што-небудзь! – кажа ёй начальніца, калі Вераніка зноў шукае магчымасці не заставацца сам-насам з Ромам ці Настай, а бяжыць мыць посуд. – Як так можна, вы ж прыйшлі да дзяцей! Вы жанчына!

      «Я не прасілася да дзяцей, мяне змусілі з імі працаваць. Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».

      У трынаццаць гадоў Вераніка марыла, што ў ейным целе здарыцца нейкі зрух, праз які перастануць ісці месячныя. І толькі ў дваццаць тры яна зразумела, скуль у яе такая фантазія.

      Яна не любіла дзяцей і адчувала да іх нешта блізкае да агіды. Думка, занураная глыбока ў падсвядомасць, цяпер выйшла вонкі, не раўнуючы джын з лямпы.

      – Супакойся, гэта ўсяго толькі на два гады, – спрабаваў яе суцешыць муж – ды ішоў пісаць свой вар’яцкі раман.

      Калі-нікалі ён кажа, што хоча дзяцей. А маці і свякруха кажуць, што хочуць унукаў.

      А яна нікому не хоча нараджаць ні дзяцей, ні ўнукаў. Яна часта разглядае сваё цела,


Скачать книгу