Знак Вялікага магістра. Вольга Іпатава
Читать онлайн книгу.сабой уладу ў Княстве, мяркуючы, мабыць, што дзеці зробяць гэтак жа. Але часы прайшлі, вялікакняскі пасад павінен быць адзін, а цяпер, пасля уніі, тым болей. Яму, Ягайлу, аддаў бацька вялікі сталец, і за яго ён мусіў учапіцца, як за жыццё.
Кожны з братоў, унікаючы хіба Свідрыгайлу, які сядзіць у Віцьбеску разам з маці Юльянай, таксама ня супраць стаць вялікім князем. Праўда, Скіргайла якраз задаволены: ён у Троках застаўся замест вялікага князя, – але ж не вялікі князь, а ўсяго толькі намеснік. У астатніх жа Альгердавічаў, асабліва ў сыноў Марыі Віцебскай, моцы няма, каб падняць усе тыя сілы, якія былі супраць уніі і асабіста яго, Ягайлы. Нават у Андрэя Полацкага, колькі б ні абяцала яму дапамагчы Масковія. Праўда, брата Андрэя, што дапамагаў Дзмітру маскоўскаму ў кулікоўскай бітве, давялося ўтаймоўваць доўга. Утаймавалі – цяпер сядзіць унізе ў цямніцы, яму там да цмока бліжэй. І ў Вітаўта такіх сілаў няма. Пакуль што. Але якраз менавіта Вітаўт здольны на тое, каб павесці за сабой усіх незадаволеных і каб справіцца з ім, Ягайлам, хаця ён сёння не толькі вялікі князь, але і кароль Польшчы.
Пакуль Вітаўт сядзіць у Луцку, але гэта зацішак перад навальніцай. Абое яны ведаюць гэта і рыхтуюцца да рашучага двубою. Бо паміж імі не толькі сталец Княства, але і кроў бацькі Вітаўта Кейстута, задушанага ў крэўскай вязніцы, і парушэнне клятвы, дадзенай некалі Кейстуту – не ваяваць супраць яго. Хаця біскуп Ян Радліца патлумачыў, што клятва тая цяпер, калі ён перайшоў у каталіцтва, нядзейсная, усё ж добра памятае пра тое Ягайла…. Паміж стрыечнымі братамі як стаіць і павешаны Кейстутам Вайдыла, і маці Вітаўта Бірута, якую кароль загадаў утапіць разам з усёй раднёй, і сотні іншых, менш значных людзей, шляхціцаў і зямянаў, вяльмож і простай чадзі,[41] пра якіх яны абое нават не ведаюць. Бо нехта і зараз імчыцца з Кракава са звесткамі пра тое, што ўчора сюды, да караля, прыслаў чарговы ліслівы ліст сам вялікі комтур[42] ордэну Конрад Валенрод, а ў Кракаў ці Вільню ляціць чалавек з Луцка, каб перадаць, хто з Вітаўтавых людзей вярнуўся з Мальбарка ад вялікага магістра фон Цольнера, бо ордэн вядзе сваю гульню на ўсіх шахматных дошках, пачынаючы ад Залатой Арды і Масковіі.
– Ваша каралеўская міласць, ганец з Вільні, ад канцлера, – пачуўся мяккі голас апранальніка. – Ці Ваша каралеўская міласць прыме яго тут, у ложку, ці няхай пачакае?
– Пра воўка памоўка, а ён і тут! – буркнуў сабе пад нос Ягайла і неахвотна злез з ложка, калыхнуўшы балдахін і цягнучы за сабой прасціну з тонкага нямецкага палатна.
– Што вы сказалі, ваша… – пачаў слуга, але Ягайла нецярпліва махнуў рукой:
– Дай апранаху, сказаў! Не хапае яшчэ, каб мяне ў ложку заспелі ў такі час! Пасля будзе расказваць, што ў мяне мох з грудзей вылазіць!
Узгадаў падзеі свайго жанімства ў 1385 годзе, калі паны палякі ўгаворвалі яго ажаніцца са сваёй валадаркай ды заняць трон Польшчы, для чаго гвалтам выганялі ранейшага жаніха Ядвігі, аўстрыйскага эрцгерцага Вільгельма, з якім яна разам расла пры венгерскім двары ды якога кахала з дзяцінства. Ягайла быў
41
чадзь – простая чадзь – сяляне, дробныя рамеснікі, залеж- ныя ад баяраў
42
комтур – маршал Ордэну. Магістр – кіраўнік Ордэну. Конрад Валенрод быў спачатку маршалам, пасля – вялікім магістрам.