Знак Вялікага магістра. Вольга Іпатава
Читать онлайн книгу.ўсё астатняе зажыве, загаіцца, а калі пашкоджаны хрыбет, то чалавек не доўга працягне да дубовай калоды.[47] Той са стогнамі выпрастаўся, паспрабаваў сагнуць руку, ды заенчыў, – яна ў яго, мабыць, была паламаная.
– Калі даеду да Масквы, узнагароджу цябе як мае быць, а пакуль што толькі падзяку і магу выказаць, – сказаў княжыч, глянуўшы на зубра і сцепануўшыся ўсім целам.
– А галаву вазьму з сабою, калі ў вас ёсць умельцы засушыць яе. Няхай нашыя маскавіты паглядзяць на гэткае дзіва. – Сказаўшы гэта, ён азартна схапіўся за лук, таксама адразу забыўшыся на ўсё, захоплены тым, што адбывалася на паляне. А там падалі пад лесам дзідаў і стрэл усе, каго ўзялі ў сваё шчыльнае кола дагоншчыкі і каго выгналі на засаду: жаўтавокія ваўкі з аскаленымі пашчамі, карычнева-жоўтыя гнуткія рысі з вушамі-пэндзлікамі, шэрыя тлустыя зайцы, танканогія алені з высокімі ўзорыстымі рагамі. Іх ірвалі, ашалеўшы ад крыкаў і стрэлаў, дужыя выкармленыя ганчакі (некаторыя з іх у агульнай гарачцы таксама палеглі пад таропкімі, неразборлівымі стрэламі), дабівалі слугі, перадаючы здабычу на вялізныя фурманкі, якія адразу ж ад’язджалі некуды, мабыць, кіруючыся ў замак.
Ап’янелыя ад крыві і забойстваў, стомленыя ад бесперастаннага нацягвання цеціваў, кідання дзідаў, паляўнічыя нарэшце сабраліся разам. Адно Вітаўт выглядаў гэткім жа спакойным і сабраным, як і раніцай. Васіль жа пачуваў сябе зусім змораным. Ні разу не бачыў ён столькі дзічыны, сабранай разам, не даводзілася яму бачыць жывымі і звяроў, чыімі футрамі былі падбіты ягоныя адзежыны, калі жыў у Маскве.
Тым часам да паляны пад’ехалі жанчыны, якія назіралі за паляваннем з недалёкага адсюль бяспечнага пагорку, зверху. Наперадзе ўсіх ехала княгіня Ганна – высокая, танклявая, у бабровым кабаце і высокай аксамітавай шапцы, за ёю трымалася сястра Вітаўта Рынгайла – румяная, бялявая прыгажуня. Амаль поруч з ёю ехала на попельна-сярэбранай кабыліцы шаснаццацігадовая Соф’я, доўгая каса яе была перакінутая на плячо і вілася чорнай змяёй па чырвонаму сукну плашча. Яна трывожна азірала паляну і, пабачыўшы спатнелага, расхрыстанага Васіля, спачатку недаўменна ўскінула шырокія бровы, пасля, зразумеўшы, што ён не паранены, усмешліва пазірала, як ён шырака ўсміхаецца ёй насустрач, забываючыся на процьму людзей, што немаведама адкуль узяліся на паляне. Сярод іх быў і мітрапаліт Кіпрыян, які з радасцю блаславіў заручыны дачкі Вітаўта з княжычам маскоўскім, спадзеючыся стаць духоўным валадаром абедзвюх земляў (і стаў ім пасля смерці маскоўскага мітрапаліта Пімена ў 1389 годзе).
Тым часам з забітага зубра вырвалі стралу, якая спыніла ягоны шалёны скачок на княжыча.
– Твая, гаспадар! – выкрыкнуў галоўны лоўчы Гуз, і дадаў, разглядаючы жалезны наканечнік: – Ці не ў сэрца ты яму адразу патрапіў, гаспадар? Гэта ж першы раз такое бачу!
Вітаўт з цікавасцю зірнуў на стралу.
– Гаспадар, ты страляеш лепей за сваіх братоў! – голасна мовіў баярын Кучка, і ўсе засмяяліся: успомнілі пра вядомы рыцарскі
47
дубовая калода – у пераносным значэнні труна