Знак Вялікага магістра. Вольга Іпатава
Читать онлайн книгу.раз абвёў вачыма святліцу. Праз чатыры дні ён вернецца – да гэтай лавы, абабітай зялёным аксамітам, да куфару ў куце, дзе ляжаць яго каптаны з сярэбранымі гузікамі і порты з дарагога сукна, да свайго ложа, засцеленага мядзьвежымі скурамі, дзе так салодка спаць да самага абеду і куды служка, варта толькі кіўнуць, прынясе кварту шыпучага піва. Але пакой будзе ўжо другім – ён прывязе сюды ночы, праведзеныя з Малкай, і хвіліна за хвілінай будзе ўзгадваць пра іх. Ад гэтых успамінаў навакольныя рэчы мяняюцца, нібы ўсмоктваюць настрой гаспадара, – ён не раз правяраў гэта. І, уявіўшы тое мора асалоды, якое будзе піць кропля за кропляй у абдымках прыгажуні, ён выйшаў, не падазраючы, што будзе чакаць яго ў гэтай, такой, здавалася б, лёгкай і бяспечнай дарозе – са Шчучына ў Ліду.
Не ведаў ён, бо Будучае рэдка папярэджвае кагосьці са смяротных, што ніколі не зойдзе зноў у гэтую святліцу, што дарэмна будуць шукаць яго па дарогах і ў селішчах.
Ніколі, ніколі не вернецца Лелюш дадому, не адчуе ўцехі ад добрага куфлю лідскага піва, ад палявання з рарогамі – сокаламі на курапатак, ад маладога гнуткага жаночага цела. А ўсё таму, што, летучы светлай зоркай на зямлю, ён ужо быў звязаны з ёю і павінен быў атрымаць ад яе свой лёс. А нітку лёсу, як вядома, тчэ адна з Судзяніц, другая ж яе абразае, а трэцяя запісвае ўсё, што адбудзецца з душой, у адвечную Кнігу Жыцця, дзе кожны знітаваны з мноствам іншых жыццяў і лёсаў, і дзе адна прычына непарыўна зьвязаная з іншай.
А не вернецца Лелюш з падарожжа да Малкі таму, што тры дні таму ўцёк ад забойцаў малады вой з лідскага замку, якога клічуць Данілам і якога Лелюш ніколі не ўбачыць, ды і не пачуе, хаця іхнія жыцці звязаныя адной нітай… Толькі на тым канцы, дзе Даніла, яна чырвоная – колеру жыцця, а яго, Лелюшавым баку – чорная…
Даніла
Тую вераснёвую, па-маладому зіхоткую і светлую раніцу 1389 году, калі невялікі атрад коннікаў ад’язджаў з Лідскага замку, Даніла запомніў назаўжды.
Першае, на што тады ніхто не звярнуў увагі, – гэта тое, што ягоны бацька, ад’ехаўшы з паўвярсты ад заходняй брамы, пабачыў, што згубілася сярэбраная бляшка з нашыйніка яго скакуна. Гэтая бляшка была з выявай сокала, і бацька даражыў як збруяй, якую здабыў у бітве з татарамі, так і выявай птушкі, імя якой насіў. Гэта была нядобрая прыкмета, але яна хутка забылася, таму што наперадзе быў шлях доўгі і, як падавалася ім, цікавы. Eхаць жа трэба было да самага Кракава, у сталіцу Польшчы, і кожны з іх спадзяваўся пабачыць замак на Вавелі, а, магчыма, хоць адным вокам угледзець дзе-небудзь у вакне самога караля, а можа, і каралеву.
Яны выправіліся з замку рана, на самым досьвітку, і калі, падняўшыся на бліжэйшы ўзгорак перад павароткай, Даніла азірнуўся на месца,[15] ружовы з чырванню, у атачэнні магутных сценаў, з вострай, як дзіда, вежай замак выглядаў непраўдападобна-прыгожым у крыху ўжо стомленай зеляніне дрэваў, на фоне ясна-сіняга неба, абкружаны звівам рэчкі, нібы сам Пярун зверху накінуў на яго ахоўны знак.
Замак у Лідзе, пабудаваны
15
месца – горад, мястэчка