Помнік літары «Ў». Вінцэсь Мудроў
Читать онлайн книгу.колер дамок пад шэрым дахам, на які яны, калі былі маладымі, любілі залятаць, і хаця цягнік толькі крыху скінуў хуткасць і, падобна, не збіраўся спыняцца, залапаталі крыламі і былі падхопленыя народжанай цягніком віхурай.
Тым часам цётка Аўгіння сядзела на ганку на пару з суседкай Гамзаціхай – той самай, у якой летась прыдушылі гусака, – і апалым голасам дзялілася сваім горам. За іхнымі спінамі паныла вуркатаў кот Базыль. Кату таксама было шкада індыкоў, з якімі ён хоць і не надта сябраваў, але якіх штодня бачыў на падворку.
– Во як яно… гадавала, гадавала… і выгадавала… падлюкам азярышчанскім на патэльню. Схапілі, відаць, маіх саколікаў – і вокам не міргнулі, – пасля такіх слоў цётка плаксіва смаркнулася ў брудную насоўку. – Азярышчанцы ж дужа не глядзяць – чужое гэта, ці сваё…
– А можа, гэта паравознік індыкоў пахапаў? Злавіў, у мех запіхнуў, а сказаў, што нікога не бачыў, – шапялява азвалася Гамзаціха ды так і застыла з разяўленым ротам.
У разнасцежаныя весніцы, ляпаючы крыламі і наўзахапкі кулдыкаючы пра сваю вандроўку, заляцелі два індыкі, і кот Базыль, пабачыўшы вандроўнікаў, узняў хваста і задаволена пацёрся ад цётчыну спіну.
Песні піянерскага лета
Дзіўна, але ніяк не магу заснуць, калі знадворку гуляе вецер. Вось і цяпер – ляжу з расплюшчанымі вачыма і слухаю, як ён шуміць у шатах старых ліп, зласліва шамаціць па даху, гойдае ліхтар на слупе, што стаіць пад вокнамі. Кволае святло ліхтара блукае па супрацьлеглай сцяне і варушыць вусны Хрушчова – яго партрэт вісіць пад столлю. Здаецца, Хрушчоў нешта кажа. Я нават наструньваў слых, але чую толькі шум знадворку ды лёгкі звон шыбаў, у якія б’ецца няўрымслівы вецер.
Лямпачку ў ліхтар укруціў учора наш баяніст. Дзеўкі – яны спяць за сценкай – наслухаліся адна ад адной розных страшных аповедаў: пра «чорную руку», пра крывавую пляму на шыфаньеры, пра вужа, што выпаўзае ноччу з падвала, – і баяцца выйсці сярод ночы ў прыбіральню. Вось Іван Іванавіч, дырэктар летніка, і загадаў баяністу на слуп узлезці ды лямпачку ў ліхтар укруціць – каб цёмнай парой на двары святлей было. Дзядзька Коля, так завуць баяніста, спачатку палез на слуп, у зубах лямпачку заціснуўшы, але толькі да сярэдзіны і дапяў – долу паехаў ды стрэмак у далоні набіў. Слуп жа стары, збуцвелы. Нават шкада стала баяніста. Але знайшлі каго шкадаваць. Дзядзька Коля, на парэпаныя далоні папляваўшы, выцягнуў са штаноў рэмень, абвязаў вакол слупа і зноўку палез. Падцягне нагой зашмаргу, схопіцца рукамі за слуп, потым зноў рэмень падцягне. І так на самы вяршак залез ды лямпачку ўкруціў. Мы нават у ладкі ўдарылі. Законны дзядзька. Што хочаш можа сыграць. Калі дзерык у горад па харчы едзе, мы яго заўжды просім песню пра Уругвай збацаць. Дзядзька Коля спачатку адмаўляецца, маўляў, пачуе хто з выхавальнікаў – будзе яму на арэхі. Але, паслухаўшы, як мы ўмольна канькаем: «Ну дзя-адзька Коля-а», – расцягвае мяхі і стоена, зыркаючы на бокі, спявае: «Раз мы шли по Уругваю…», – мы гамузам туруем: «Ваю!», «Ночь – хоть выколи глаза», – і мы, ужо зусім