Чароўная скарбніца. Людмила Рублевская
Читать онлайн книгу.матузкамі, шлейкі зручна трымаліся на плячах, у бакавыя кішэні можна было пакласці нейкую карысную драбязу. Вось гэты заплечнік і вырашыла Улада выкарыстаць як пераноску для іншапланетнікаў.
– Калі ласка, размяшчайцеся! – запрасіла гаспадыня, адкрыўшы шырокі «ўваход». – Я вас панясу!
Сінька з Зялёнкай першыя скочылі ўнутр, за імі палезла Мінола, потым – хлопчыкі.
– Цесна! Шчыльна! – незадаволена буркалі двое, вядома хто, з кампаніі.
– Затое бяспечна! – сказала Улада, накідваючы шлейкі на плечы.
Вухуцяне на Зямлі мелі невялікі рост і важылі як мяккія цацкі, таму дзяўчынцы было няцяжка іх несці. Галовы ў пераноску не хавалі, ім жа хацелася глядзець навокал.
– Заплечнік будзе для вас зямным хадзікам! – усміхнулася Улада.
– Паехалі! – у адзін голас закамандавалі Сінька з Зялёнкай.
Дзяўчынка адчыніла браму і выйшла на вуліцу. Прыгравала сонейка, лёгкі ветрык калыхаў лістоту дрэў, у пераносцы за спінай нягучна перагаворваліся іншапланетныя госці. Яны ўсё разглядалі, дзівіліся, абмяркоўвалі. Улада прыслухоўвалася да іх размовы і радавалася, што дзеці з Вухуціі ў яе ў гасцях. Задумалася і не звярнула ўвагі на тое, як з брамкі дома, паўз які яна праходзіла, выйшла яе прыяцелька Юля.
– Прывітанне! – прагучала неяк зусім нечакана.
– Цац! – устрывожана і гучна сказала Улада, спыніўшыся так рэзка, што вухуцяне ў заплечніку войкнулі.
Юля здзіўлена паглядзела на сяброўку:
– Што?
Улада прыдумала, як растлумачыць дзіўнае слова, якое выгукнула ўслых:
– Гэта лічылка такая: «Вуцікі-пуцікі-куцікі-клац! Фінта-мінта-сінта-цац!»
– Якая вясёлая лічылка! – усміхнулася Юля. – А што ты лічыш?
– Крокі, – адказала Улада.
– Куды ідзеш? – распытвала прыяцелька.
– У бібліятэку! – адказала дзяўчынка першае, пра што падумалася.
– Можа, і мне з табой схадзіць? – задумліва прагаварыла Юля.
– Не, давай іншым разам, – адказала Улада.
Сяброўка здзівілася, бо заўсёды ім было добра і весела ўдзвюх. Яны б ужо і разышліся, але Юля згледзела вухуцян, якія пазіралі з заплечніка.
– Якія мілыя пупсікі! – у захапленні пралапатала дзяўчынка і, заскочыўшы за спіну сяброўкі, адным хуткім рухам выцягнула за ружовую спружынку-прычоску здранцвелую ад жаху Сіньку. – А ножак колькі! Нос смешны! А вушкі якія! Мі-мі-мі!
– Аддай, калі ласка, я спяшаюся! – Улада забрала няшчасную госцю.
– Пакажы астатніх! – Юлю вельмі зацікавілі яркія лялькі.
– Іншым разам, мне пара бегчы, прабач!
Улада абмінула незадаволеную сяброўку і паспяшалася хутчэй завярнуць за паварот.
– Ды што тут за істоты жывуць?! – лямантавала Сінька. – Хапаюць, цягнуць, кусаюць, нападаюць, на часткі рвуць!
– Проста вы незвычайныя і вельмі цікавіце зямлян, бо яны ніколі не бачылі такіх прыгожых іншапланетнікаў! – спрабавала гаспадыня супакоіць госцю.
Улада вярнула Сіньку ў заплечнік.