Бог кахання Марс. Сяргей Балахонаў
Читать онлайн книгу.Залатымі ніткамі са срэбнымі кутасамі, – скрозь смех адказала Марына. – Абыдзецца ён без скафандра. Калі што якое, то ёсць смарт-бокс. Куды трэба, перанясём. Прагулянкі за межамі базы і марсаходаў не для яго. Адурэе ад нечаканых уражанняў.
– Мне дык здаецца, што ён ужо даўно адурэў і без прагулянак.
– Можа, без прагулянак і адурэў?
– Самая вялікая прагулянка ў яго жыцці ўжо адбылася. Не так часта кашэчыя на Марс трапляюць.
– Дый людзячыя таксама… – са знарочыстым сумам, нібыта сама толькі што не дакарала каханага за тужлівыя ноткі, нагадала жанчына.
– Не пачынай, Гваздулька, – Ягору муляла вяртанне да тэмы, якую неаднакроць абмяркоўвалі ледзьве не ад моманту пасадкі. Не хацелася прызнавацца, што Марына неабачліва пераблытала з тужлівасцю яго рамантычны настрой.
– Не пачынаю, Руткенберг, – выдыхнула яна з кволым намёкам на ўсмешку і тут жа дадала: – Хадзем лепш абедаць. Усё гатова.
– Ты абяцала нешта незвычайнае, – узрадавана ўспомніў мужчына.
– Незвычайнае для гэтых краёў, – раздобрылася каханая туманнай падказкай.
– Боршч? – нясмела дапусціў ён.
– Боршч, – не вырабляючыся, пацвердзіла яна.
– Боршч! Якая ж ты малайчынка! – усцешана прапяяў ён, мала не пайшоўшы ў скокі.
– Стараюся, – з дробачкай нядбальства на лусце гонару кінула Марына і прыспешыла: – Толькі не затрымлівайся, а то Варгін дае зразумець, што цалкам згодны ўмалёгаць і тваю порцыю. Ён на такія справы звер бягомы.
– Перадай Варгіну, што за оныя неряды боки бывають мяты, – агучыў Ягор жартаўлівую пагрозу на старасвецкі манер і скіраваўся ў кухонны адсек, усцешана напяваючы знячэўку прыгаданыя радкі часоў згасання беларуска-ўкраінскага барока:
То-то боршч сыты,
То-то страва люба,
Вазьмі ліш да пакушай,
Аж зліпаецца губа!
Каб яшчэ некалькі гадоў таму Руткоўскаму сказалі, што з’яўленне баршчу на стале ён будзе ўспрымаць як сапраўднае свята, ён наўрад ці паверыў бы. Страва ж штодзённая! Але жыццё перайначылася.
Вялізныя складскія адсекі былі шчыльна наладаваныя рознага кшталту прадуктамі. З разліку, каб каманда з трыццаці чалавек з добрым апетытам не галадала, прынамсі, сем зямных гадоў. Аднак для прыгатавання баршчу поўнага набору прадуктаў на складах чамусьці не было. Добра, што хоць у «эліках» – элеватарных адсеках – адшукалася насенне буракоў. Калі вырашылі разбіць агарод, Марына прытаіла, што колькі градак пакінула акурат пад буракі. Ён жа зразумеў гэта пазней, калі ўбачыў бацвінне. Ад радасці нават падхапіў каханую на рукі, кружыўся з ёю і ў батлейкавым буянстве паўтараў: «Так, бацвіннікі мы! Так, баршчажэры!»
Зайшоўшы ў кухонны адсек, Ягор не прамінуў пацалаваць чараўніцу і прыгразіць кулаком хціваму кату. Апошні па-гаспадарску віўся побач і бесцырымонна зіркаў на людзей, не ўхваляючы іх пяшчот.
– Падлізнік, – адрываючыся ад вуснаў Ягора, незласліва буркнула Марына