Радзіва «Прудок». Андрусь Горват
Читать онлайн книгу.бо мой кожны гук слухалі. Я слухаў. Лёха слухаў. Слухала гаспадыня. Мы ўжо не хацелі грошай – мы хацелі застацца самімі сабою. Вярнуцца ў свае інтэлігентныя ўсмешлівыя целы.
Я не помню, ці прадалі мы што-небудзь. Гэта цяпер неістотна. Калі я закончыў, гаспадыня прамовіла: «Дзякуй». Па-беларуску.
Вася за дзвярыма плакаў.
Раздзел 2
Тут палку кінь – і тая папаўзе
Сакавік
Я ніяк не магу сабрацца ў адным месцы.
Начую ў бацькоў у Петрыкаве, штодня езджу ў Прудок. Скарбонкі з маймі рэчамі стаяць у бацькавым гаражы. Ноўтбук – у брата на кватэры. Рома жыве пад маміным ложкам.
Сёння ля петрыкаўскай аўтастанцыі ледзьве не сутыкнуліся лбамі з барадатым дзядзькам, які нагадаў мне Гналя.
Гналь быў адзіны ў раёне, хто стрыг. Па святочныя прычоскі трэба было ехаць у Мазыр. Усё сваё дзяцінства-юнацтва я спраўна хадзіў да яго. Ён не шкадаваў адэкалону, меў даўгую бараду. Я пабойваўся яго. Тое, што Гналь – прозвішча, я даведаўся пасля, а спярша лічыў, што гналь – тое ж, што і цырульнік. Таму «схадзіць да Гналя» азначала «падстрыгчыся». Калі я зʼехаў у Мінск, засумняваўся: а ці быў Гналь?
А сёння я ледзьве не наскочыў на яго. Барадач увайшоў у драўляную хатку, на якой вісела шыльда «Цырульня Гналя».
Гналь існуе!
Радзіва «Прудок». Перадача пра матылькоў.
Перанёс з каморы на гарышча пяцьдзясят заспаных матылькоў. Яны ледзь варухнулі кволымі крыламі, паглядзелі на мяне дрымотнымі вачыма – і зноў вырубіліся. Цяпер на маім гарышчы жывуць матылькі.
А ў каморы буду жыць я. Гэта адзіны пакой, у якім ёсць усё: сцены, столь і падлога.
Сяджу ў яблыневым садзе: пяе птушка, лётае пчала, брэша сабака, гудзе трактар.
На руках і ботах гліна.
За кароўнікамі Мінск.
А за лесам Украіна.
Шлях да Украіны ляжыць праз Юравічы.
Там жылі людзі дваццаць пяць тысяч гадоў да нашай эры. Рабілі хаткі з костак мамантаў. Тады ў Юравічах не было сельсавета. I тыя людзі не прапісаліся і зʼехалі. А от я прапісаўся. Ад сёння я афіцыйна тутэйшы. Перадайце ў Цэнтр: урбанізацыя адмяняецца.
Пакуль мяне прапісвалі, у кабінет увайшла цётка ў працоўных анучах. Столаначальнікі далікатна адмахнуліся ад яе, як ад мухі, якая лётае над прыгожай сукенкай:
– Што нада? Цяперака няма часу.
А ў мяне ёсць шапка-гандонка і польскі світар, куплёны ў 90-я. Я тады брату напісаў ліст у войска: «Цёця Каця прывязла нянашый світар із Польшчы».
У нас тут так модна. Я модны. Прывітанне.
З Юравіч ехаў спадарожкай.
– У Прудку жывеш?
– Ну.
– Адзін? З сям’ёй?
– Ага.
– Жонка харошая? А дзеці е?
– Е.
– Два?
– Не.
– Тры! Як у мяне. Работаеш дзе?
– А-а-а, так…
– Мо будуеш што?
– Як сказаць…
– Тут