Адваротны бок люстра. Ксенія Шталенкова
Читать онлайн книгу.так, напэўна, – Бася крыху разгубілася.
– Назаўсёды? І мы… мы больш ніколі не сустрэнемся? – словы юнака павіслі ў паветры.
З хвіліну яны анямела стаялі, пазіраючы адно на аднаго і намагаючыся ўсвядоміць, што больш ніколі, ніколі не сустрэнуцца. Міхал страсянуў галавой і пайшоў уперад. Бася дагнала яго, прасунула сваю маленькую далоньку ў яго руку і шморгнула носам.
– Ты што, плачаш? – здушана спытаў Міхал.
– Не! – адчайным голасам адказала яна і, адвярнуўшыся, змахнула з веек слёзы.
Міхал паглядзеў на дзяўчынку і моцна сціснуў яе руку.
Хутка яны дабраліся да касцёла, перайшлі дарогу і пагрукалі ў дзверы дома насупраць.
– Хто? – пачуўся голас з-за дзвярэй.
– Гэта Міхал Саколіч. Ці тут спыніўся пан Штоф, што з Вільні? – спытаў юнак.
– Хвіліну.
Дзверы прачыніліся. З-за іх быў бачны стары.
– Добры вечар, пан Альбрыхт! – павіталася Бася.
– Не стойце ў дзвярах, праходзьце хутчэй, – злосна сказаў стары і, павярнуўшыся да іх спінаю, пайшоў унутр.
Міхал пытальна паглядзеў на Басю, тая пацепнула плячыма, і яны накіраваліся следам за старым.
– Я здзіўляюся вашай неразумнасці! – усклікнуў купец. – Як можна было пакінуць люстра і паехаць невядома куды і навошта? Паехаць так далёка ад адзінай вашай магчымасці вярнуцца дадому! Няўжо вы не разумееце, наколькі вашы ўчынкі былі безадказныя і неасцярожныя? А што, калі б люстра адчынілася і вы прапусцілі гэта і больш ніколі не здолелі вярнуцца?
– Але вы ж казалі, што мне тут прыйдзецца быць каля паўгода, – запярэчыла Бася, якая не чакала ад старога такіх упіканняў.
– Ці мала што я казаў? Часам бывае так, што люстра адчыняецца незалежна ад разлікаў.
– Вы мяне аб гэтым не папярэдзілі! – пакрыўджана прамовіла дзяўчынка. – Тым больш, калі Міхалу неабходна было паехаць, вас не было на месцы, а потым я не магла распараджацца сабой – сказалі ехаць да Кракава, я і паехала. Ніхто мне выбару не прапанаваў!
– Трэ было быць асцярожней з самага пачатку – ціхенька, як мышка, сядзець у доме Міхала, а не шпацыраваць па мінулым. Гэта вам не турыстычная экскурсія, легкадумнае дзяўчо!
– Вы мне гэта ўжо казалі! А між іншым, некаторыя «легкадумныя» старыя, – перадражніла купца Бася, – знянацку адпраўляюць ні ў чым не віннае «дзяўчо» ў глухое сярэднявечча, нічога не сказаўшы! Вы толькі і ведаеце, што крычаць ды ўпікаць мяне, а толкам усё растлумачыць не жадаеце.
– Ну, хопіць, – не вытрымаў стары. – Гэта нічым не скончыцца. Здаецца, вы гатовая каго хочаш перамагчы ў спрэчках, мадэмуазэль Барбара. Вы, верагодна, галодныя, хадземце вячэраць.
Стары павёў Міхала і Басю ў суседні пакой, дзе быў накрыты стол.
– Дарэчы, а як вы трапілі да двара княгіні Радзівіл? – пацікавіўся стары ў дзяўчынкі.
– Разумееце, мы з Міхалам неяк выязджалі за горад, яшчэ ў Вільні, і, калі вярталіся дадому, да нас прычапіўся паляк, Годыеўскі. Ён… – Бася не ведала, як лепш сказаць. –