Адваротны бок люстра. Ксенія Шталенкова
Читать онлайн книгу.да нішы, дзе пакінула сукню. Яна хутка пераапранулася і паспяшалася да сябе ў пакой, ціхенька зайшла, каб не пабудзіць сябровак, якія ўжо даўно мірна пасопвалі, прашмыгнула да ложка і забралася пад коўдру. Дзяўчынка заплюшчыла вочы і цяжка ўздыхнула, узгадаўшы ўсе сённяшнія прыгоды. Раптам яна адчула на сабе чыйсці погляд. Расплюшчыўшы адно вока, Бася заўважыла, што, прыўзняўшы галаву, на яе пільна пазірае адна з новых суседак, Кшыся. Здзівіўшыся такой надзвычайнай увазе, дзяўчынка моцна зажмурылася і перавярнулася на іншы бок. «Трэ будзе прыдумаць нейкую байку, а то ж не адчэпяцца з роспытамі», – падумала Бася і адразу заснула.
Раздзел 12
– Ці вы ведаеце, а якой гадзіне ўчора вярнулася наша прыгажуня? – спытала Кшыся, дапамагаючы Басі ранкам умывацца.
Ануся і Зося, якія яшчэ песціліся і ленаваліся падымацца, адначасова селі ў ложках і з цікаўнасцю ўтаропіліся ў сябровак. Бася паглядзела знізу ўверх на Кшысю. Тая сустрэла яе халодным фанабэрлівым позіркам. Бася пачала старанна церці вочы, намагаючыся прыдумаць сабе штосьці ў якасці апраўдання. Кшыся чакальна маўчала. Урэшце Ануся не вытрымала і цікаўна спытала:
– Дык а якой? Не таміце!
– Папоўначы! – з’едліва прамовіла Кшыся, паліваючы Басі на рукі са збана.
Дзяўчыны здзіўлена пераглянуліся і з нецярплівасцю пачалі чакаць працягу.
– Сяброўкам нічога не сказала, збегла немаведама куды, нікога не папярэдзіла…
– Каго трэба, я папярэдзіла, а перад табой я не абавязана адчытвацца, – агрызнулася Бася.
– Цікава, а што паненка можа рабіць адна цёмнай ноччу? І дзе? Якія такія сакрэты ў яе, што нікому нельга распавесці? – Кшыся свідравала Басю позіркам.
Як на злосць, у галаву нічога не лезла, у дзяўчынкі не было ні адзінай думкі, якая бы больш-менш была падобная да праўды. Так нічога і не прыдумаўшы, Бася вырашыла змагацца з праціўнікам яго ж зброяй.
– А з чаго было мяне шукаць? І дзе гэта ты мяне шукала? Мабыць, сама вярнулася не нашмат раней за мяне?
Кшыся на імгненне загарэлася чырванню.
– Нідзе цябе не было! – усклікнула яна. – Я ўжо ўвесь дом абышла, усе калідоры і нават на двор выходзіла, а цябе не знайшла!
Бася прыўзняла брыво:
– Ты адна выходзіла цёмнай ноччу? Куды? І навошта?
– Я шукала цябе.
– Але я ж не прасіла шукаць мяне.
Кшыся збянтэжылася, не ведаючы, што адказаць. Яна разгубілася і стала перабіраць матузочкі на сарочцы.
– Пачакайце, – Ануся зноў вярнула размову да папярэдняй тэмы. – Басенька, дык куды ты ўчора хадзіла? Ты з Міхалам была, так?
Бася загадкава ўсміхалася і шматзначна маўчала, задаволеная тым, што сяброўкі самі ўсё за яе прыдумаюць. Дзяўчыны станоўча зашчабяталі:
– Ой, як здорава! Гэта ўсё так рамантычна – шпацыраваць марозным вечарам удваіх. А пра што вы размаўлялі?
– Зося, ну пра што размаўляюць на спатканні? – дакорліва сказала Ануся сяброўцы.
– Я на спатканні не хаджу, – прамармытала засаромленая Зося. – Усё