Адваротны бок люстра. Ксенія Шталенкова
Читать онлайн книгу.«Няўжо яны жадаюць запрасіць мяне на танец?!» – з жахам падумала дзяўчынка. Калі самы адважны з юнакоў накіраваўся да яе, Бася пачала позіркам шукаць шляхі да адступлення і з радасцю ўбачыла Міхала, які спяшаўся да яе: яго дзіўным чынам гналі Зося, Ануся і Кшыся. Ён у адзін скачок пераадолеў адлегласць, якая раздзяляла яго і Басю, і апынуўся побач. На тварах паненак і юнага шляхціча, які намагаўся ангажыраваць дзяўчынку, адначасова выявілася расчараванне. Юнак, нядоўга думаючы, вырашыў змяніць маршрут і ўзяць на прыступ Басіных сябровак.
Міхал цяжка дыхаў.
– Што з табой здарылася? – спытала яна.
– А? – не адразу зразумеў ён. – Твае сяброўкі жадалі запрасіць мяне на танец.
– І ты адмовіўся? Юнак зарагатаў:
– Ледзь-ледзь паспеў уцячы!
Бася зноў пачала назіраць за танцамі.
– А ты чаму такая самотная?
– Ды мне шкада, што я зусім не ўмею таньчыць. Вашыя танцы такія прыгожыя!
– Фу, лухта! – фыркнуў Міхал.
– Ну чаму адразу лухта? Ты ўмееш?
– Што? Танцаваць? Ну… умею, але не люблю. Дый не надта добра ў мяне гэта атрымліваецца.
З хвіліну яны прастаялі моўчкі.
– Бася, – паклікаў Міхал.
– Што?
– А давай уцячом адсюль!
Сябры выбеглі з душнай залы ў прасторны ўнутраны двор, дзе зусім нікога не было. Знутры даносілася музыка, у марозным паветры яскравіліся рэдкія сняжынкі, з вокнаў лілося яркае святло, якое расчэрчвала двор на чатырохкутнікі.
– Пані Барбара, дазвольце запрасіць вас на танец! – сур’ёзным голасам сказаў Міхал і пакланіўся.
– Міхал, не дурыся!
– Як? Вы адмаўляецеся ад майго запрашэння? – здзівіўся юнак. Бася рассмяялася, але ў тое ж імгненне, зрабіўшы сур’ёзную міну, як і ў сябра, пакланілася, распростваючы крыссе сукні:
– Я прымаю вашае запрашэнне, пане Міхалу.
Яны ўзяліся за рукі і зрабілі нейкае па, якога не існавала ні ў адным танцы. І тут Міхал падхапіў Басю, і яны закружыліся па двары, заліваючыся вясёлым рогатам. Яны вальсавалі па дворыку, пакуль у абаіх не закруцілася галава. Міхал з Басяй прытуліліся да тонкай калоны, якая падтрымлівала балкон.
– Ты толькі паглядзі, якія зоры! – з захапленнем усклікнула дзяўчынка.
– Ага, – згадзіўся юнак.
– Усё так цудоўна! Яшчэ б паесці штосьці.
– Ох, Баська, ты цалкам пазбаўленая паэзіі! Я так і ведаў, што ты захочаш есці, – сказаў Міхал, выцягваючы з кішэні завернуты ў сурвэтку пернік.
Ён разламаў яго на дзве часткі і адну працягнуў Басі.
– Міхалачак, які ж ты!.. – з захапленнем вымавіла дзяўчынка.
– Які? – заліўся чырванню юнак.
– Самы-найсамы!
Яны стаялі так, адны ў цэлым свеце, любаваліся зорамі і жавалі пернік. Бася прытулілася да пляча Міхала і, закінуўшы назад галаву, паглядзела на яго. Ён усміхнуўся і асцярожна абняў дзяўчынку. Яна падумала, што ніколі не адчувала сябе такой шчаслівай, як сёння, і, здаецца, ніколі не