Смерць у Венецыі. Томас Ман

Читать онлайн книгу.

Смерць у Венецыі - Томас Ман


Скачать книгу
цыгарэту, пускаючы дым цераз нос і выцягнуўшы наперад ніжнюю губу. Фройляйн Штэфэнс сядзела, выпрастаўшыся, перад ёй, як выразаная з дрэва, і адказвала, баязліва ўсміхаючыся.

      Ніхто не звяртаў увагі на маленькага пана Фрыдэмана, і ніхто не заўважыў, што яго вялікія вочы былі неадрыўна скіраваныя на фрау Рынлінген. Ён сядзеў у расслабленай позе і глядзеў на яе. У яго позірку не было нічога жарснага і амаль ніякага болю; штосьці тупое і мёртвае ўтрымлівалася ў ім, цяжкая, бяссільная і бязвольная адданасць.

      Гэтак прайшло каля дзесяці хвілін; тут фрау фон Рынлінген раптам устала, і, не гледзячы на яго, як быццам яна ўвесь гэты час патаемна назірала за ім, падышла ды спынілася перад ім. Ён устаў, паглядзеў на яе знізу ўверх і пачуў:

      «У Вас няма жадання правесці мяне ў сад, пан Фрыдэман?»

      Ён адказаў:

      «З задавальненнем, вяльможная пані».

      XV

      «Вы яшчэ не бачылі нашага саду? – прамовіла яна на сходах, звяртаючыся да яго. – Ён даволі вялікі. Будзем спадзявацца, што там яшчэ не шмат народу; я хацела б крышку перадыхнуць. Падчас яды ў мяне забалела галава; магчыма, чырвонае віно было для мяне занадта моцным… Нам трэба прайсці цераз гэтыя дзверы».

      Гэта былі шкляныя дзверы, цераз якія яны з фае трапілі ў маленькі прахалодны калідорчык; потым некалькі прыступак вывелі іх на свежае паветра.

      У гэтую цудоўна зорную, цёплую ноч водар зыходзіў з усіх газонаў. Сад увесь быў пранізаны месячным святлом, а па белых зіхоткіх, усыпаных жвірам сцяжынах, нязмушана размаўляючы і палячы, шпацыравалі сюды-туды госці. Адна група сабралася вакол фантана, дзе стары лекар, якога любілі ўсе, пад агульны смех пускаў на ваду папяровыя карабельчыкі. Фрау фон Рынлінген, лёгка кіўнуўшы галавою, прайшла міма і паказала ў далячынь, туды, дзе зграбны і пахучы кветнік пераходзіў у цёмны парк.

      «Давайце пройдзем уніз цераз цэнтральную алею», – сказала яна. Каля ўваходу стаялі два нізкія, мажныя абеліскі.

      Там на заднім плане, у канцы простых, як страла, каштанавых прысадаў, яны ўбачылі раку, якая ў сонечным святле, здавалася, ззяла зеленаватым бліскучым колерам. Вакол было цёмна і халаднавата. То тут, то там ад прысадаў адыходзіла ўбок сцяжына, якая, мусіць, утвараючы дугу, таксама вяла да ракі. Тут можна было доўга стаяць і не пачуць аніводнага гуку.

      «Каля вады, – сказала яна, – ёсць сімпатычнае месца, дзе я ўжо часта сядзела. Там мы маглі б хвілінку нязмушана паразмаўляць… Зірніце, час ад часу праз лістоту выглядвае зіхатлівая зорка».

      Ён не адказваў, гледзячы на паверхню, якая мігацела зеленаватым колерам і да якой яны набліжаліся. Можна было ўжо распазнаць другі бераг ракі, збудаванні вала. Калі яны пакінулі прысады і апынуліся на пляцоўцы, парослай травой, якая сканчвалася каля вады, фрау фон Рынлінген сказала:

      «Тут, крышку справа, ёсць месца; бачыце, яно незанятае».

      Лаўка, на якую яны прыселі, праз шэсць крокаў убок ад прысадаў, стаяла на самым краі парка. Тут было цяплей, чым паміж дрэвамі. Конікі цвыркалі


Скачать книгу