Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла. Пітэр Кваснеўскі
Читать онлайн книгу.веру ў Сапраўдную Прысутнасць нашага Пана ў Эўхарыстыі, які блытае любоў з эмацыйнасцю і малітву з супольным спевам. Той від разумення, які сапраўды важны падчас Імшы, здольны набыць кожны вернік, які ўвойдзе ў сапраўдны касцёл на святую літургію: гэта інтуітыўнае разуменне таямніцы Уцелаўлёнага Слова, якое стала ежай для нас; разуменне адзінай і ўніверсальнай ахвяры Кальварыі, прысутнай сярод нас. Любое іншае «разуменне», незалежна ад актыўнасці ўдзелу, з’яўляецца ілюзіяй рэальнасці, скажэннем формы, адцягваннем увагі ад таго, што сапраўды мае значэнне. Імша на роднай мове – гэта зусім не гарантыя таго, што чалавек зразумее таямніцу Імшы. Наадварот, калі аправа цырымоніі абсалютна знаёмая, удзельнік можа лёгка падумаць, што ён да канца разабраўся ў сутнасці гэтай цырымоніі. Знаёмае робіцца руцінай, а руціна пачынае ігнаравацца. Наша ўласная мова – гэта зона камфорту, якая абараняе нас ад шоку Евангелля, ад скандалу Крыжа, ад прывабнасці невядомага. Я хутчэй пагадзіўся б на вялікую дозу чужароднасці, на несучасную музыку, на дзіўныя словы, на архаічную мову, на рытуальныя рухі, вельмі непрыстойныя для дэмакратычнага грамадства. Чалавек, кінуты ў такую сітуацыю, прынамсі ведае, што ён мае справу з чымсьці абсалютна адрозным і, магчыма, нашмат больш глыбокім, чым яго штодзённыя заняткі.
Verbum caro factum est супраць шматслоўнасці
Калі мы жадаем, каб «люд» удзельнічаў у літургіі актыўна, дзе participatio actuosa разумеецца так, як гэта разумее Касцёл: як павышанае ўсведамленне і ўспрымальнасць да рэлігійнай мовы і сімволікі з адпаведнымі адказамі, чутнымі і нячутнымі, вербальнымі і невербальнымі, то нам трэба пастарацца паважаць элементарную будову людской псіхалогіі. Павольная працэсія з прыгожа ўбраных служыцеляў, якая паважна падыходзіць да алтара пад магутныя гукі духавога аргана альбо пад нябесны спеў хору, ахоплівае пачуцці і душу, прыводзячы да больш глыбокага і працяглага эфекту, чым кепска апрануты святар, які ў свабоднай манеры выходзіць з сакрыстыі і пачынае Імшу блытанай прамовай з элементамі персанальных перажыванняў. Калі літургія не можа адразу паказаць штосьці сэнсоўнае прастадушнаму дзіцяці, яна правалілася. Паклон святара, які прамаўляе «Confiteor», акаліт, які разгойдвае кадзільніцу, іерархічна расстаўленыя на ўрачыстай Імшы субдыякан, дыякан і святар, магутная цішыня Рымскага Канона – усе гэтыя рэчы прамаўляюць наўпрост да сэрца, нават да сэрца малога дзіцяці, якое здолее сядзець ціха і глядзець, як рабілі шматлікія дзеці, бачаныя мною, нават на доўгіх урачыстых літургіях. Літургія Novus Ordo можа мала што сказаць такім душам, таму што яна толькі кажа, яна не робіць, не кланяецца, не шэпча, не маўчыць, не чувае, не гойдае кадзільніцу, не выконвае мелодыі, не кіруе расстаноўкай служыцеляў па меры таго, як яны выконваюць свае разнастайныя абавязкі. Значэнне, моц сказанага слова тым меншая, чым большую яму прыдаюць значнасць. У крайнім выпадку мы маем літургію, на якой вельмі шмат чаго кажуць,