Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла. Пітэр Кваснеўскі
Читать онлайн книгу.ўвялі такія рэдуцыраваныя Імшы21. Смутная рэальнасць заключаецца ў тым, што стандартная новая Імша – гэта ўжо штосьці накшталт дзіцячай Імшы з яе спрошчанымі малітвамі, падручнікавай структурай і незмястоўнай празрыстасцю. Насамрэч – і гэта таксама горкая іронія, – новы абрад не здольны настолькі ж эфектыўна выхоўваць душы дзяцей, наколькі гэта робіць стары абрад. Уявіце сабе розніцу паміж дзіцём, якое бачыць традыцыйную ўрачыстую спяваную Імшу, і дзіцём, якое бачыць тыповую нядзельную парафіяльную Імшу. Кожны, хто разбіраецца ў дзіцячай псіхалогіі, здолее зразумець, якая з гэтых літургій, спалучаная з катэхізацыяй, дасць больш глыбокі доўгатэрміновы плён.
Мой сын, цяпер ужо юнак, дзіцём прысутнічаў на некаторых Трыдэнцкіх Імшах, але то быў час, калі мы не маглі знайсці спяваную Імшу, каб у ёй удзельнічаць. Калі яму споўнілася больш-менш сем гадоў, нам пашчасціла ўдзельнічаць у Missa cantata пасля больш чым гадавога перапынку. Калі мы вярнуліся дадому, ён узяў ліст паперы і без усялякіх просьбаў з нашага боку намаляваў тое, што ён бачыў на алтары (гл. ілюстрацыю). Заўважце, якім чынам адлюстраваны ключавы момант цэлебрацыі, прынашэнне ахвяры нашага Пана, і як перададзена неад’емная сакральнасць гэтага моманту: высокі келіх, перабольшаныя свечнікі, прыслугоўваючы звоніць у званкі, крыху схіліўшыся. Мой сын ніколі не маляваў Імшы Novus Ordo, нават самай пабожнай; магчыма, яна ніколі не ўражвала яго альбо не кранала так, як Трыдэнцкая Імша. Я ўжо чую, як літургічныя эксперты кажуць: «Ён не разумеў гэтай Імшы, бо ён не мог перакласці (і нават пачуць) кожнае лацінскае слова». Вам, літургічныя эксперты, якім так патрэбны глыток здаровага сэнсу, я адкажу: ён убачыў і бясслоўна ўхапіў самую сутнасць Імшы – велічны, таямнічы, прыцішаны і святы акт пакланення, засяроджаны вакол Цела і Крыві Хрыста. Калі ласка, адкажыце мне: што разумее і з чым выходзіць сямігадовае дзіця пасля тыповай англамоўнай парафіяльнай літургіі? Альбо не, не кажыце! Я лепш распавяду вам, што сказала мая дачка, якой тады было чатыры гады, калі яна ўбачыла як дарослая жанчына выконвала функцыю галоўнага міністранта: «Мама, мама, жанчыны-святары ўсё ж бываюць!» Нагода для спакойнай катэхэзы і ціхага абурэння. Такая літургія – гэта банкрут яшчэ да свайго пачатку; а пакуль яна не скончыцца, мы будзем сведкамі пародыі на каталіцкую Традыцыю. Толькі таямнічая прысутнасць Хрыста не дае ёй зрабіцца поўнай пародыяй.
Найвышэйшая «Імша для дзяцей» – я маю на ўвазе кожную асобу, ад малюткага хлопчыка да старога, якая хоча жыць пакліканнем духоўнага дзяцінства, а не тых, хто застаецца на дзіцячай ступені чалавечага развіцця, – гэта Трыдэнцкая Імша ва ўсёй сваёй прыгажосці, якая кожнага прысутнага аглушае артадаксальнасцю і кожнаму нашэптвае таямніцу. Калі вы хочаце мець поўны касцёл каталікоў, якія ведаюць, любяць і практыкуюць сваю веру, дайце ім літургію патрабавальную, глыбокую і дасканалую. Яны дарастуць да гэтага выкліку.
21
Мае артыкулы пра літургічную рэформу крытыкавалі за супярэчнасць самім сабе, таму што, кажуць, я эксперт, які пытаецца, ці варта давяраць літургічным экспертам. Аднак я ні ў якім разе не з’яўляюся «экспертам» у сэнсе чалавека, які настолькі захапіўся вузкай навуковай дысцыплінай, што страціў здольнасць бачыць цэльную карціну: Традыцыю і яе тэалогію. Я з гонарам лічу сябе аматарам, які імкнецца ісці крокамі Бенедыкта XVI, які таксама не з’яўляецца ані «літургістам», ані «літургічным экспертам» у сціслым значэнні. Дарэчы, менавіта таму самазваныя эксперты ўплывовых колаў зазвычай адкідваюць меркаванні Папы Бенедыкта на тэму літургіі.