Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла. Пітэр Кваснеўскі
Читать онлайн книгу.сяброўскай атмасферы, у «знаку спакою», у адсутнасці цішыні перад Імшою і пасля яе; у вербальнай перагружанасці, якая робіць Бога малым і прыручаным аб’ектам, гатовым рабіць цуды і падпарадкоўвацца нашым загадам, альбо прынамсі гатовым да адносінаў з намі на роўных. Бог робіцца «адным з нас» зусім няправільным чынам. Хрыстус сённяшняй парафіі – гэта чалавек, прытым толькі чалавек. Як неаднаразова заўважалася, новае выданне Імшала адлюстроўвае амаль што арыянскую паставу20.
Параўнайце ўсё гэта з пашанай, якая аддаецца Евангеллю ці прэзбітэрыю ў старым абрадзе з цудоўнымі малітвамі аферторыя, са складанымі акаджэннямі, з урачыстым спевам прэфацыі пра Найсвяцейшую Тройцу ў стылі Атаназія, з Рымскім Канонам і яго шматлікімі знакамі крыжа і пачцівымі ўзняццямі Гостыі і келіха, ужо не кажучы пра ўсю падрыхтоўку, якую робяць святар і сабраны люд: «Asperges», малітвы каля прыступак алтара, абмыванне пальцаў у суправаджэнні псальма. Праз гэтыя абрадавыя дзеянні чалавек прызнае першынство Бога і Яго найвышэйшую таямніцу, упрошвае дазволіць пакланяцца Яму, упрошвае быць годным прынясення Ахвяры і ўдзелу ў Ахвяры, якую Сын у сваёй людской прыродзе прыносіць Найсвяцейшай Тройцы. Традыцыйная літургія адлюстроўвае не толькі правільную тэалогію, але і правільную антрапалогію. Антрапалогія, выражаная старым абрадам і сукупнасцю далучаных да яго звычаяў і законаў, з’яўляецца ўзнёслай, вертыкальнай і падпарадкаванай Богу, як гэта годна і справядліва; антрапалогія ж новага абраду з яго інкультурацыяй у сучасным Заходнім свеце з’яўляецца рацыяналістычнай, іманентычнай, гарызантальнай і дамінатыўнай: яна падпарадкоўвае сакральнае гуманістычнаму канону «супольнасці». Старажытны рымскі абрад, велічны і святарскі, узносіць славу і пакланенне Укрыжаванаму Пану, кідаючы бясконцы парадокс Уцелаўлення проста ў вочы і вушы тых вернікаў, якія маюць вочы, каб яго ўбачыць, і вушы, каб яго пачуць. Ці ж звычайная форма рымскага абраду робіць гэта настолькі ж добра?
Многія малітвы і абрады Novus Ordo маюць кепскую прапорцыю адносна ахвяры, якая мае месца падчас Імшы; яны ад’яднаныя ад яе. Форма і змест літургіі канфліктуюць, і таму тое, што, як я веру, адбываецца – а мая вера фарміравалася пад уплывам вучэння пра святую Ахвяру Імшы, сфармуляванага як Трыдэнцкім, так і Другім Ватыканскім саборам, – кепска адлюстроўваецца формай літургіі, якая мае ў сабе толькі частку той яснасці і глыбіні, з якімі старажытны абрад прадстаўляе тыя самыя таямніцы. У старажытным абрадзе форма і змест паяднаныя; яны, так бы мовіць, «сімбіятычныя». Старажытная літургія са сваімі вострымі сімваламі і бясконцымі дэталямі – гэта працяглае дагляданне душы, якое заваблівае і цягне яе наперад, ведучы яе да містычнага сужэнства, да вясельнага свята нябёсаў.
Аднойчы я меў магчымасць чуць, як украінскі біскуп візантыйскага абраду казаў пра тое, якая ступень сталасці патрабуецца ад мужчыны і жанчыны, калі яны спадзяюцца быць «паспяховымі» сужэнцамі. Ён рабіў акцэнт на здольнасці ахвяраваць з любові і казаў, што ніводнае сужэнства
20
Доказы гэтага прыведзеныя ў раздзеле 6.