У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Читать онлайн книгу.і Уайльда.
Гэты свет, размаіты і яркі, быў куды як больш цікавы, чымся ў тых кніжках, што стосам ляжалі на століках у бібліятэках і пра якія зазначалася: рэкамендаваныя.
«Кавалер залатой зоркі», «За цябе, Масква», «Жніво»… Гэтыя кніжкі не мелі ні пераваг фантазіі, ні судачынення з рэальнасцю. У іх былі нейкія сувязі з рэчаіснасцю, якіх не магла ўспрыняць Дана. І яна падзяліла: прыцягальны свет яе кніг і неаспрэчная рэальнасць, якая выдавала таксама вельмі цікавымі сустрэчамі, кантактамі, сувязямі. Стварала атмасферу, у якой кожны пэўна адчуваў факт свайго існавання.
Факты існавання і субстанцыі быцця
Факт свайго існавання гэтая кабета з вёскі Нягневічы выдавала заўсёды грымотнымі гукамі голасу, мажной постаццю, нязбытна мажорным, нягледзячы на ўсе згрызоты лёсу, настроем. Быўшы кірмашовым днём у горадзе, яна абавязкова заходзіла да Азарэвічаў. Кандратчыха – інакш удаву Кандратчыка ніхто не зваў, – трапіўшы ў кватэру да Вольгі Станіславаўны, адразу ішла ў «залю» – толькі так ўяўляўся ёй вялікі пакой кватэры. Скідала хустку з галавы, ставіла стул чамусьці пасярод хаты і вымала з торбы слоікі. «Во! Малачко і смятанка». Малачком зваліся густыя вяршкі, а смятану можна было нажом рэзаць. З маці Кандратчыха была на «ты» – на знак незвычайнай павагі, прыязнасці і таварыскасці.
«Ты ж мне самы найблізкі чалавек. У царкву і да цябе».
Дана ведала, што ў Кандратчыхі сваякі забілі мужа – сякерай. Ці больш дакладна – пасеклі. Колькі было ранаў – нават экспертыза баялася памыліцца ў падліку. А зямля, з-за якой так крывава біліся, неўзабаве адышла ў калгас… Маці на судзе бараніла інтарэс Кандратчыхі. І даўно тое было, але Кандратчыха нечым так упадабала абаронцу, што ледзь не кожнага месяца прыязджала з дабрадзейнай данінай. І – барані Божа – каб узяла грошы. Ці села за стол. Пачостка ў доме Азарэвічаў была рытуалам абавязковым, але ў цёткі з Нягневіч былі свае завядзёнкі. Затое ад варэння ці ад печыва не адмаўлялася.
«Я так не ўмею», – тлумачыла Кандратчыха.
А на сваёй сядзібе яна ўмела ўсё: за жанчыну і за мужыка. Рабіла ў калгасе, на сваім дворышчы і ў хаце. Жыццё яе было падначалена адвечным законам, паводле якіх жылі яе аднавяскоўцы, яе маці, бацька, дзед, бабка і гэтак ледзь не да Адама і Евы. Райскіх садоў яна не прагла, Кандратчысе выдаваў зусім прыстойным яе ўласны надзел з ігрушамі і яблынямі. Вымогі цывілізацыі засталіся для яе на нейкім даўнім этапе, функцыянальна пазначаным гадавым гаспадарчым цыклам і асноўнымі каляндарнымі святамі, што вагаліся недзе паміж паганствам, хрысціянскімі канонамі і сённяшнім атэістычным ладам. Кандратчыха давярала больш каню, чым трактару, лічыла надзейнымі не грошы, а рэальны прадукт: сала, мяса, масла. Колькі іх ужо змянілася, на яе вяку, тых грошай. А ўвогуле была стыхійнай экзістэнцыялісткай і факт існавання лічыла вышэйшым за субстанцыю быцця. Не раздумвала над сэнсам цуда жыцця, не тлуміла сабе галаву марнасцю хуткаплыннага часу. Яна – існавала. І кожным сваім пражытым днём тое пацвярджала.