У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Читать онлайн книгу.дзень, і гэта былі, так бы мовіць, рабочыя візіты. Кабета вылівала малако са збанка ў збанок, брала грошы і ішла дамоў. Тым больш што Вольга Станіславаўна была на працы, а ў Ніны гэтая наведвальніца цікавасці не выклікала. Ужо ў Мінску Азарэвічы і сям’я гэтай жанчыны апынуліся ў суседстве, і Данчына маці мела з таго незвычайную асалоду: акраечак былога, тамтэйшага жыцця. У сваім горадзе. Данчына маці змушаная была прыехаць у Мінск да дачкі з-за хваробы. Не любіла ні гэтага горада, ні мікрараённага атачэння. Разумела неаспрэчнасць ходу жыцця, не пакутавала ад адзіноты – ды яе і не было, – але часам прамаўляла нібы сама сабе: «Там людзі гаварылі мне: “Пані адвакат, маю да вас інтэрас”. А тут я толькі твая мама». Ну, а паколькі Дана не была ні знакамітым чалавекам, ні санавітым, дык той статус быў ані грунтоўным. А субстанцыянальныя, быційныя стрыжні былі для Вольгі Станіславаўны неад’емна злучаныя з фактам існавання, са статусам сацыяльнага існення. Немаштабнасць, расплывістасць становішча, што так упадабала для сябе яе дачка, відавочна, было не «пад мыслі» Вольгі Станіславаўны. Сядзіць у сваім музеі, піша артыкульчыкі пра мастакоў. Хто іх цэніць? Хіба што героі допісаў…
Дана лічыла спраўджанасць па іншых мерках. Гаварыць пра тое ніколі не было заводу, аднак Дана адчувала маўклівую незадаволенасць маці.
Цікава, яе Хрысціна таксама была б расчараваная? Яна любіла пазначыць Дане лёс з пячаткай выбранніцтва…
Хрысціна… Ні з кім не было так добра, лёгка, нікога Дана не любіла так, як Хрысціну. Іх часам былі вакацыі. Пра тое не дамаўлялася, не вызначалася. Так – было. Хрысціна – на год і на клас старэйшая за Дану, і падчас шкалення сустракацца ім не выпадала. Затое як толькі надыходзіў іх час, яны ледзь не штодня хадзілі адна да адной. Каб не размінуцца, рушылі па вуліцы Савецкай, паўз сабор дамініканаў, не заўважаючы, між іншым, парадаксальнасці гэтых злучэнняў. Потым дзяўчаты ішлі ў бібліятэку, выпраўляліся пасля яе да Даны, садзіліся на канапу, у розныя куткі, і чыталі. Часам – сабраўшыся, наладжвалі гульні: паводле чытанага, гледжанага ў кіно і прыдуманага. Хадзілі па парку. Навыперадкі імчалі на замак. Лезлі на цэнтральную вежу – на апошнюю, самую верхнюю, прыступку, дзе была невялікая пляцоўка. Сядзелі моўчкі. З дзяўчат іх горада толькі яны з Хрысцінай «бралі гэтую вышыню». Але не лічылі тое ані гонарам, ані надзвычайнай рызыкай, проста адтуль быў асабліва прыгожы краявід. Ну і, безумоўна, падабалася лезці на вежу, намацваючы нагой трывалы камень, адчуваючы паслухмянасць і спрыт цела.
Да касцёла Хрысціна хадзіла з маці, адкрыта. Дана – заўсёды адна. Але пані Магда чамусьці не вельмі любіла маці Хрысціны. Аднак гэтую звестку Дана пакідала ў нейкім далёкім закутку памяці. Без пані Магды яна не ўяўляла свайго жыцця. Ажно Хрысціна і яе маці, іх дом каля раённай бібліятэкі і могілак – былі неад’емным, натуральным, абавязкова існуючым.
Хата Хрысціны была непадалёк ад могілак, і дзяўчаты лічылі натуральным хадзіць туды. Могілкі былі старыя, мармуровыя