У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Читать онлайн книгу.сябе адчувала, калі Артур сек малатком крыж. І была амаль упэўненая – таямніцы споведзі маглі здрадзіць толькі недзе там, далёка, у Італіі. Хіба пані Магда ці сястра Малгажата маглі б каму здрадзіць? Выдаць? Назарэтанкі прынеслі ахвяру… За ўсіх мешканцаў горада…
Пра гэта згадвалася ўсё жыццё… І было найвялікшым узвышэннем душы – калі сёстры з Найсвяцейшай сям’і з Назарэта былі беатыфікаваныя. А распачаўся працэс беатыфікацыі сястры Малгажаты. Той, якую ведала Дана…
Яшчэ вельмі непакоіла Дану, за што не толькі людзі, але і Вышэйшая Воля пакаралі вязня з Аляксееўскага равеліна? «Адзетыя ў каменне» адымалі спакой, ціснулі на ўяўленне – усё жыццё ў каменнай пастцы. Горш за смерць. І калі смерць прыняць за іншабыццё – дык што ёсць гэтае дваццацігадовае паміранне? Ці варты быў замах на цара, нават толькі задума замаху, гэткага катавання быццём? Ці варта? І ці вартая была самаахвярная аскеза і вымогі разумовыя і фізічныя Паўкі Карчагіна таго, што займелі яго нашчадкі? Ці трэба дзеля шчасця іншых абавязкова прыносіць ахвяры? Хаця – і дагматы найвышэйшыя таксама сцвярджаюць, што пакуты жывяць душу, пераўтвараюць яе.
Але які быў сэнс у тым абвяшчэнні Liberte, Fraternite, Eqalite, а потым у моры крыві ў Францыі і ўсёй Еўропе? Ды і егіпецкі паход – не прывід у пустыні. Inferno ў Афрыцы. І дзе ж тыя свабода, роўнасць? Дзе логіка гісторыі?
Калі ў жыцці ўсё стала мяняцца месцамі, Дана ніяк не магла зразумець, чаму жанчына, што абараняла дысертацыю пра дзекабрыстаў і, безумоўна ж, пісала яе паводле ўсіх канонаў савецкага часу, інакш не абаранілася б, раптам, быўшы жонкай чалавека, якога людзі на Няве абралі мэрам горада, пачала весці гаворку пра піэтэт перад домам Раманавых.
Які піэтэт? Чаму? Навошта? Дана любіла таямніцу старажытных партрэтаў і складана-заблытаныя, што лабірынты, адгалінаванні генеалагічных дрэў, але дваццатае стагоддзе мае свае правы і свае законы. І сваіх тытулаваных асоб. І тытулы тыя маюць мала дачыненняў да карон.
Логіка гісторыі… Пасля войнаў Напалеона французы сталі на шаснаццаць сантыметраў ніжэйшымі.
Другая сусветная забрала кожнага чацвёртага беларуса. Рэпрэсіі ў Саюзе звялі самых разумных і незалежных. «Задумваюць рэвалюцыі філосафы, здзяйсняюць фанатыкі, карыстаюць плён прайдзісветы». Афарызм Бісмарка час ад часу рабіўся модным. Прыходзіў лейтэнант артылерыі ці камунальнага маштабу Шарыкаў… І ўсё ж тады – і пазней – з мройлівага вэлюму часу выступалі постаці… І прага рамантыкі ставіла ў адзін шэраг Касцюшку і Артура-Рыварэса, Д’Артаньяна і Кастуся Каліноўскага, філаматаў, філарэтаў і чараду іншых, рэальных і кніжных герояў.
Уяўленне дражнілі і вабілі гэтыя радкі і тое, што жывыя, рэальныя філарэты і філаматы жылі тут, на гэтых вуліцах, дыхалі гэтым паветрам… Раней то быў горад рыцараў і герояў…
Дом Паэта аднавілі пазней. Тым часам, на пару іх юнацтва, наўскасяк ад плошчы былі толькі рэшты таго будынка, толькі фундамент. Пазней тут стаўся музей. Пазней былі розныя імпрэзы,