У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Читать онлайн книгу.сведчыць пра тое, што ў іх горадзе звяліся і рыцары, і героі. І ўсё ж – ёй падабалася пайсці да Хрысціны надвячоркам. На плошчы, на «пятачку», як на плошчах усіх невялікіх гарадкоў свету, збіраліся мясцовыя маладзёны. Нормы этыкету патрабавалі, каб праскочыць, не пазнаючы і не вітаючыся. І сама праходка, немаведама чаму, выдавала рызыкоўнай. Не тое каб там атабарылася плойма мушкецёраў, але ж чуўся запал гульні, не абвешчанай, але пакрыёма прызнанай.
Анёл у цені сваіх крылаў, мабыць, сцішана пасміхаўся з яе. А пані Магда з вышыні – ці далечыні? – свайго паўвеку канстатавала: «Які ў цябе прыгожы ўзрост». Дана не разумела – узрост як узрост. Не разумела і сваю гаспадыню, у якой кватаравала ва ўніверсітэцкія гады: «Ну, што ты ўсё з кніжкай сядзіш? Такія гады…» Пазней, калі Дана дасягла пары, якую гжэчныя поляцы падаюць як узрост элеганцыі, часам, зірнуўшы ў люстра, яна згадвала і пані Магду, і сваю гаспадыню. Сапраўды, у тых гадоў была безліч пераваг, таму ўзросту належала калі не логіка разваг, не неаспрэчнасць ісціны, дык, безумоўна, перавага беспрычыннай радасці, напрыклад. Калі сам факт існавання – святочны выпадак. Усё выдае ўдачай – нечаканыя сустрэчы, неспадзяваныя візіты, планавыя, так бы мовіць, загадзя падрыхтаваныя дзействы. Потым надыходзіць час, калі кожная неспадзяванка раздражняе, што парушае пазначаны ход падзей, неабходнасць некуды ісці выдае толькі абавязкам і патрабуе «пратакольнай» адпаведнасці выпадку. А яе, той адпаведнасці, няма. І твар, які глядзіць з люстра, мае адбітак усіх нудот і згрызот жыцця. Стомленыя вочы, змардаваныя «ланіты», непатрэбныя, абмяклыя мышцы і непатрэбныя лініі твару. «Сотри случайные черты…»
Дана не пакутавала ад тых метамарфоз, але ёй здавалася алагічным, што на той момант, калі ёй трэба, яна не можа накінуць, прыстачыць, як урачыстае ўбранне, нейкі больш-менш прыстойны, адпаведны выгляд. Яна заўсёды рабіла, заўсёды да стомы, натура помсціла за гэта. А мастацтвазнаўца ў Дане аспрэчвала гэты вердыкт натуры. Дана прытрымлівалася традыцыйна класічных поглядаў і мела за асноўнае крэда мастацтва хараство. А ў жыцці хацела ўпарадкаванасці – унутранай і знешняй. І для сябе хацела не красы, а дабрачыннага яе эрзацу: пэўнага стылю, дагледжанасці, прыстойнай касметычнай маскіроўкі. Праўда, калі мець давер да анатамаў, дык ёй усё ж пашанцавала – яны сцвярджаюць, што з цягам часу ў людзей большае нос і вытыркаюцца вушы. Падобна, гэтае пакаранне яе абышло, дык і трэба дзякаваць лёсу.
А ў тым, іх з Хрысцінай агульным існаванні, часам погляды сустрэчных гаварылі больш за люстэрка. Вочы людзей выдавалі нават больш лагоднымі і добразычлівымі, як тая халодная гладкасць шкла. Вочы Хрысціны таксама былі добразычлівыя. Як яна сама.
І тым не менш – ці то з бясспрэчнай логікі жыцця, ці то з-за легкадумнасці маладосці – яны згубілі адна адну. Ніколі не перапісваліся. Было зразумела – прыедзем дамоў, пабачымся. Ажно з’ехала ў Гародню маці Хрысціны. Жыла апошнія гады з Данай яе маці. Сувязь часоў знікла ў стракатай мешаніне геаграфічных кропак і значных