Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла. Пітэр Кваснеўскі
Читать онлайн книгу.прэзбітэрыя, нібы ахоплены сваім убраннем, алтаром, прыгажосцю Божага дома, аднак менавіта ў ім, у гэтым асобным чалавеку, унікальным, са сваімі асаблівасцямі, яднаецца боскае і людское, гэта ён стаіць з Езусам і Ягонай моцай здзяйсняе ахвяру, якая асвячае свет. Касмічная літургія Імшы адначасова прадстаўляе нязначнасць і несмяротную веліч асобы, якая стаіць перад Богам – Богам, Які знаходзіцца нязмерна далёка і невымоўна блізка, Богам, Які з’яўляецца цалкам Іншым і цалкам маім, трансцэндэнтным у сваёй іманентнасці і іманентным у сваёй трансцэндэнтнасці. Паглядзі на святара: ён адвярнуўся плячыма, ягоны твар, ягоныя рукі, ягонае сэрца засяроджаны на таямніцы веры; ён знікае, каб яго замяніў Хрыстус; ён знікае, але ён больш чым калі падобны да сябе. Нягледзячы на сваю мізэрнасць – мізэрнасць дзіцяці, якое не можа размаўляць, якое не можа выказаць тое, што хоча выказаць, а толькі імітуе словы, якія былі яму дадзены, прымаючы іх без усялякага выбару, без свабоды «арыгінальнасці» – ён з’яўляецца тым самым пасрэднікам і тым асяроддзем, праз якое Пан дзейнічае, каб яднаць, асвячаць і збіраць усе рэчы ў сабе, і ўсё ж ён з’яўляецца «арыгіналам», бо ён знаходзіцца пры той крыніцы, з якой паходзіць космас – паходзіць непараўнальна больш велічным чынам, чым нейкая мастацкая праца паходзіць з мастака, чым усе працы людзей ва ўсе часы. Паглядзі на яго: у гэтым выбліску полымя яднаюцца і пераплятаюць свае галасы неба з яго святасцю і зямля са сваёй слабасцю! Гэтым спосабам касмічная літургія пастаянна захоўваецца і ўдасканальваецца, хоць у той самы час яна ўжо цалкам скончылася і больш нічога да сябе не дапускае. Сюды няможна нічога дадаць, нішто тут гучна сімвалізуюць цішыня і пустая прастора прэзбітэрыя – аднак тут можна набыць ўсё, набыць гэты дар, які пераўзыходзіць усе дары, бо гэта Той, Хто іх дае. Усё гэта, як і належыць, ціха паказваецца ў цішыні і пустой прасторы, таму што любы гук, любая выява была б паганствам і не здолела б выказаць нават аднаго складу, не кажучы ўжо пра ўсё слова ці яго значэнне. А ў ціхім і ў пустым да нас прыходзіць Слова, якое з’яўляецца музыкай Айца, Слова, поўнае ласкі і праўды, якому мы даем слыхавую і візуальную прастору, каб Яно магло прадстаць перад намі ў найпрасцейшай ежы: у белай Гостыі, тонкай і крохкай, і ў келіху, які пераліваецца золатам і срэбрам і пераўзыходзіць сваім коштам некансэкраванае віно, але які становіцца сапраўдным пылам у параўнанні ў Крывёю, у якую віно перамяняецца.
«Шум ціхага ветру…»
Архітэктура, музыка, убранне і начынне, прастора і цішыня, якія літургія стварыла для сябе, пакуль Дух Святы стагоддзе за стагоддзем лунаў над Касцёлам на сваіх шырокіх і міласэрных крылах – кожны аспект традыцыйнай рымскай літургіі мае багатае значэнне, сусвет значэнняў. Мы ведаем, што ў нашыя часы Касцёл Езуса Хрыста абсаджаны як звонку, так і знутры; тое ж можна сказаць і пра яго святую літургію, якая заўсёды раздзяляе лёс Касцёла, і добры, і кепскі. Мы ведаем, што паўстагоддзі таму